22 кастрычніка 2014
г. папа Францішак прыме на прыватнай аўдыенцыі футбалістаў нямецкага футбольнага клуба
“Баварыя”. Мюнхенская каманда прыбудзе ў Рым для ўдзелу ў матчы супраць італьянскай
“Ромы”, у рамках турніру Лігі чампіёнаў. На наступны пасля гульні дзень, перш чым
вярнуцца на Радзіму, чампіёны Германіі завітаюць у Ватыкан, каб спаткацца з Пантыфікам.
Сустрэча адбудзецца непасрэдна перад агульнай аўдыенцыяй на плошчы св. Пятра. Папа
Францішак, вядомы таксама як вялікі аматар футбола, часта сустракаецца са спартсменамі,
каб заахвоціць іх быць прыкладам для моладзі і дзяліцца каштоўнасцямі салідарнасці,
сумленнасці і павагі.
Нападаючы мюнхенскай “Баварыі”, польскі футбаліст Роберт
Левандоўскі ўжо сустракаўся з папам Францішкам. Ён наведваў Ватыкан разам са сваёй
жонкай адразу пасля вяселля, летам 2013 г. Футбаліст не хавае сваёй веры і ў некалькіх
інтэрв’ю прызнаваўся, што сваімі поспехамі абавязаны малітве і падтрымцы Хрыста. Левандоўскі
быў таксама паслом евангелізацыйнай акцыі ў Польшчы “Не саромся Езуса”.