2014-10-15 12:57:54

Аўстрыйскі іерарх на Сінодзе: разведзеныя, не самыя бедныя людзі ў свеце


RealAudioMP3 “Чаму мы пастаянна гаворым толькі аб разведзеных, як быццам бы яны самыя бедныя людзі ў свеце?”, - спытаў у сваім інтэрв’ю для італьянскай “La Stampа” удзельнік Сінода Біскупаў, кардынал Крыстаф Шонборн. Ён прызнаў, што гэтай тэме павінна быць прысвечана належная ўвага, але чаму б шырэй не пагаварыць аб тых парах, якія жывуць як героі ў нашым свеце і клапоцяцца пра святасць і чысціню сужэнства? Арцыбіскуп Вены лічыць, што ў дадзены час не хапае больш шырокага погляду на сям’ю. “Кожная разведзеная пара, любое такое сужэнства, мае дзяцей, бацькоў. (...) Развод закрануў кожнага з іх, а не толькі дваіх сужонкаў. Як мы можам забыцца пра гэта? Развод заўсёды калечыць усю сацыяльную сетку і ўплывае на ячэйку, якой з’яўляецца сям’я. Такой перспектывы мне не хапае на Сінодзе.”, - прызнаўся іерарх і дадаў, што ведае, аб чым кажа, паколькі сам з’яўляецца сынам разведзенай пары. Яго бацькі развяліся, калі яму было 13.

На пытанне, што ён думае пра дапушчэнне да св. Камуніі разведзеных, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, кардынал адказаў, што “гэта вельмі складаная праблема, і яе не можа вырашыць ніякі Сінод”. “У мяне ёсць пытанне да такіх людзей, я задаю яго заўсёды, калі яны пытаюцца пра св. Камунію: Дзе вашы дзеці? Што з імі? Ці вы не абцяжарылі іх вашым падзеннем і грахом? Як вы можаце прасіць св. Камуніі, калі парушылі прысягу, якую далі? Плёны вашай любові – дзеці – цяпер пакутуюць. Ці вы разумееце гэта?”, - падзяліўся аўстрыйскі іерарх і дадаў, што пра гэту драму не шмат гаворыцца на Сінодзе.

Кардынал Шонборн падкрэсліў, што, хоць ён разумее, што бываюць розныя сітуацыі ў жыцці, розныя прычыны расставання, трэба ясна сказаць, што разведзеныя, якія заключылі новыя саюзы, жывуць у цяжкім граху, парушаючы запаведзі Хрыста.

Ён заўважыў яшчэ адну праблему: “Адзін сужонак асуджае іншага на лёс адзіноты. (...) У нашым грамадстве жывуць сотні тысяч “удоў і ўдаўцоў” пасля разводу. Яны жывуць у адзіноце, таму што хтосьці заставіў іх. Тыя, хто ўвайшлі ў новыя адносіны і маюць дзяцей, яны не адчуваюць сябе так самотна. Але яны пакінулі некага. Ці можна ў такой сітуацыі ўдзяляць ім св. Камунію? Касцёл павінен быць на баку адзінокіх і пакінутых, пакутуючых, як кажа Папа. (...) І такімі з’яўляюцца дзеці разведзеных і тыя, каго пакінуў сужонак”.

Кардынал Шонборн лічыць, што Касцёл павінен браць больш актыўны ўдзел у паяднанні пар, у сур’ёзным пакаянні для іх. “Пытанне разведзеных і іх дапушчэнне да св. Камуніі, гэта справа не толькі двух асоб, але ўсёй сям’і, цэлай гары праблем”, - сказаў ён і дадаў, што гэта настолькі гарачая дыскусія дае глебу для разважанняў. “Ёсць так шмат людзей, якія прыступаюць да св. Камуніі аўтаматычна, несвядома, і такіх, якія ўвогуле яе не прымаюць. Паглядзіце, наколькі вялікі скарб – св. Камунія! Колькі людзей прагне яе!”, - сказаў арцыбіскуп Вены, дзелячыся сваімі разважаннямі наконт прац Сіноду Біскупаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.