2014-10-14 11:32:29

Паслядэбатная справаздача выклікала гарачую дыскусію на Сінодзе


RealAudioMP3 Паслядэбатная справаздача (Relatio post disceptationem), прадстаўленая 13 кастрычніка 2014 г., на думку многіх удзельнкаў Сінода, добра адлюстравала меркаванні, якія прагучалі ў сінадальнай зале на мінулым тыдні. У дакуменце ясна гучыць галоўная думка асамблеі пра любоў Касцёла да сям’і і яго здольнасць быць побач з чалавекам у любы момант яго жыцця, гаворыцца ў паведамленні Залы Друку Святога Пасаду. Падчас абмеркавання справаздачы, сінадальныя айцы звярнулі ўвагу, што гаворачы пра сужэнствы, якія перажываюць праблемы, варта не забывацца і часцей казаць пра сем’і, што застаюцца вернымі вучэнню Евангелля, і дзякаваць ім за іх сведчанне. Сінод павінен з большай дакладнасцю і яснасцю казаць аб сужэнстве непарыўным, шчаслівым, верным назаўсёды, прысутным у грамадскім жыцці. Іншыя прапановы датычылі неабходнасці надання большай увагі пытанню жанчын, іх аховы і значэнню для перадачы жыцця і веры.

Сінадальныя айцы заклікалі да паглыблення і ўдакладнення тэмы “класіфікацыі”, якая можа быць крыніцай блытаніны. Калі, напрыклад, гаворка ідзе пра доступ да сакрамэнтаў асоб, якія развяліся і ўступілі ў новыя саюзы, было падкрэслена, што цяжка прыняць выключэнні, таму што, на самай справе, яны могуць стаць агульным правілам.

Было таксама заўважана, што слова “грэх” у справаздачы амаль адсутнічае, што нараджае рызыку падпарадкавання менталітэту гэтага свету. Неабходна ўважлівасць у рыторыцы адносна асоб гомасексуальных, каб не стварыць уражанне станоўчай ацэнкі гэтай арыентацыі з боку Касцёла, гаварылася ў сінадальнай зале. Такую ​​ж асцярожнасць варта захаваць у адносінах да сітуацыі людзей, якія жывуць у нефармальных саюзах.

Адносна спрашчэння працэдуры прызнання несапраўднасці сужэнства, была выказана занепакоенасць у сувязі з прапановай перадаць больш паўнамоцтваў дыяцэзіяльным біскупам, што можа прывесці да празмернай нагрузкі на іх.

Сінадальныя айцы заклікалі надаваць больш увагі выпадкам палігаміі, асабліва ў кантэксце асоб, якія навярнуліся і жадаюць прыняць сакрамэнты. Была падкрэслена неабходнасць супрацьстаяння распаўсюду парнаграфіі, асабліва ў інтэрнэце, і яе рэальная пагроза для адзінства сям’і. Што тычыцца адкрытасці да жыцця, удзельнікі Сінода звярнулі ўвагу на неабходнасць больш глыбокага аналізу не толькі тэмы абортаў, але і сурагатнага мацярынства.







All the contents on this site are copyrighted ©.