2014-10-13 11:33:19

Сінод Біскупаў дакументальна падсумаваў сваю працу


RealAudioMP3 13 кастрычніка 2014 г. на Сінодзе Біскупаў, які працягвае сваю працу ў Ватыкане, была абнародавана “Relatio post disceptationem” (Паслядэбатная справаздача). Дакумент заключыў у сябе галоўныя думкі, выказаныя сінадальнымі айцамі напрацягу мінулага тыдня. У ім былі падкрэслены тры кіруючых прынцыпы. Удзельнікі асамблеі звярнулі ўвагу на неабходнасць прыняцця пад увагу сацыяльна-культурнага кантэксту, у якім сем’і жывуць сёння; патрэбу абмеркавання душпастырскіх перспектыў з гэтым звязаных і, перш за ўсё, абавязак углядацца ў Хрыста і прымаць Яго “Евангелле сям’і”. Сям’ю ўдзельнікі Сінода назвалі “вырашальнай і каштоўнай” рэальнасцю ў атмасферы распаўсюджання індывідуалізму, адзіноты, нарцысізму, “кашмару” адсутнасці працоўных месцаў, войнаў, тэрарызму і міграцыі. У справаздачы падкрэсліваецца неабходнасць “духоўнай праніклівасці” і адказнасці Касцёла ў адносінах да партнёрскіх і грамадзянскіх саюзаў, да асоб разведзеных, якія заключылі новыя саюзы. У падыходзе да тых, хто ўдзельнічае ў жыцці супольнасці няпоўным або недасканалым чынам, трэба заўважаць станоўчыя рысы, а не абмежаванні і недахопы.

На думку сінадальных айцоў, патрэбна “новае вымярэнне душпастырства сям’і”, якое ўлічвае патэнцыял тых грамадзянскіх саюзаў, якія характарызуюцца стабільнасцю, глыбокай лучнасцю, адказнасцю за сваіх дзяцей, магчымасцю прыйсці да сакрамэнтальнай сувязі. Бо часта сужыццё або фактычны несакрамэнтальны саюз прадыктаваны не “адмовай ад хрысціянскіх каштоўнасцяў”, але практычнымі патрэбамі, напрыклад, чаканнем на пастаянную працу. Касцёл павінен суправаджаць сваіх вернікаў, якія апынуліся ў падобных сітуацыях, з церпялівасцю і разуменнем, увагай і клопатам, з імкненнем не асудзіць, але вылечыць чалавечую слабасць.

Патрэбна адпаведная падрыхтоўка да хрысціянскага сужэнства, таму што гэта не проста “культурная традыцыя ці сацыяльная неабходнасць”, падкрэслілі сінадальныя айцы. Таксама ў перыяд пасля шлюбу Касцёл павінен прапанаваць маладым сужонкам сваю апеку.

У дакуменце асобна гаворыцца пра сітуацыю католікаў, якія развяліся і жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах. У дадзенай сітуацыі не можна кіравацца логікай: “усё ці нічога” або прапанаваць нейкае агульнае рашэнне для ўсіх. Дыялог на гэту тэму павінен быць працягнуты, перш за ўсё, на ўзроўні мясцовых Касцёлаў, “з павагай і любоўю” для кожнай сям’і, якая апынулася ў такіх абставінах.Тут таксама важна казаць пра абарону дзяцей ад наступстваў разводу бацькоў.

Што датычыцца спрашчэння працэдуры прызнання несапраўднасці сужэнства, у справаздачы ўзгадваюцца прапановы, якія прагучалі ў сінадальнай зале. Яны былі сканцэнтраваны вакол магчымасці адмены патрабавання двух адпаведных судовых рашэнняў у такіх справах, абмежаванні адміністрацыйных працэдур да дыяцэзіяльнага ўзроўню, магчымасці ўвядзення кароткага працэсу у выпадках відавочнай несапраўднасці сужэнства, надаючы вялікае значэнне веры тых, якіх тычыцца працэс.

У дачыненні магчымасці прыняцця св. Камуніі разведзенымі, у дакладзе пералічаны асноўныя рэкамендацыі, што выйшлі ад удзельнікаў Сінода: захаваць цяперашнюю дысцыпліну; ажыццяўляць большую адкрытасць для асаблівых выпадкаў; увесці “шлях пакаяння”. У апошнім выпадку трэба браць пад увагу адрозненні паміж станам граху, станам ласкі і змякчальнымі абставінамі.

Застаецца адкрытым таксама пытанне “духоўнай камуніі”, што звязана з так званымі “змешанымі шлюбамі” і “сур’ёзнымі праблемамі” у сувязі з розніцай “сужэнскай дысцыпліны” у Праваслаўных Цэрквах. Тут патрэбна больш глыбокае тэалагічнае даследаванне.

Дакумент спасылаецца таксама на пытанне гомасексуальных асоб. Падкрэсліваецца, што яны, са сваімі “дарамі і талентамі” могуць шмат прапанаваць хрысціянскай супольнасці. Касцёл з’яўляецца для іх “домам”. У той жа час, недапушчальна існаванне якіх кольвечы гомасексуальных саюзаў і міжнародных арганізацый ціску, створаных для распаўсюджання гендэрнай ідэалогіі. Акрамя таго, Касцёл надае асаблівую ўвагу дзецям, якіх выхоўваюць аднаполыя пары, настойваючы на тым, што заўсёды на першае месца павінны ставіцца інтарэсы і правы дзяцей.

У справаздачы падкрэсліваецца, што дыялог у рамках Сінода прайшоў у атмасферы “вялікай свабоды і ў стылі ўвагі адзін да аднаго”. Нагадваецца, што прапанаваныя ідэі не маюць характару прынятых рашэнняў, але з’яўляюцца своеасаблівым “шляхам” да Звычайнай сесіі Сінода Біскупаў, якая пройдзе ў кастрычніку 2015 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.