2014-10-11 10:08:36

Кіраўнік Украінскай Грэка-каталіцкай Царквы на Сінодзе пра “духоўную тэрапію” для сем’яў


RealAudioMP3 На працягу ўсяго мінулага тыдня біскупы з усяго свету размаўлялі ў Ватыкане аб вострых пытаннях, якія стаяць перад сучаснай сям’ёй і прабавалі даць на іх душпастырскія адказы. Одно з іх – вырашэнне сітуацыі разведзеных католікаў, якія ўступілі ў новыя, несакрамэнтальныя саюзы. Прапановы гучалі розныя, у тым ліку, пераняцце практыкі Праваслаўнай Царквы адносна такіх сітуацый. Наш карэспандэнт сустрэўся ў кулуарах Сіноду Біскупаў з кіраўніком Украінскай Грэка-каталіцкай Царквы, архіепіскапам Святаславам Шаўчуком, які выказаў сваё меркаванне па гэтай тэме.

Уладыка, дзякуй, што Вы згадзіліся сказаць некалькі слоў для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё! Справа ў тым, што перад Сінодам у дыскусіях паміж біскупамі і кардыналамі гучала пытанне аб тым, што рабіць з разведзенымі католікамі, якія ўступілі ў новыя, несакрамэнтальныя саюзы. Адна з прапаноў была такой: пераняць практыку Праваслаўных Цэркваў у адносінах да гэтых людзей. Ваша меркаванне наконт гэтай прапановы, паколькі Вы – чалавек, які бачыць праблему знутры.

Па-першае, я хацеў бы перадаць прывітанне ўсім слухачам Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё і падзякаваць за малітву аб братах і сёстрах ва Украіне. Што тычыцца Вашага пытання, я не думаю, што практыка Праваслаўнай Царквы, асабліва ў адносінах да разведзеных, дапаможа Каталіцкай Царкве вырашыць нашы ўнутраныя праблемы. Я б не хацеў казаць аб практыцы Праваслаўнай Царквы, якая была паддадзена розным уплывам, у тым ліку з боку пратэстанцкага багаслоўя. Я думаю, што мы павінны знайсці свой шлях, як дапамагчы нашым веруючым, якія разышліся з мужам ці жонкай і жывуць у іншым саюзе.

Тут ёсць некалькі важных рэчаў. Па-першае, Царква ніколі не дае развод, таму казаць аб разводзе накшталт праваслаўнага і, тым больш, благаслаўлення другога сужэнства нельга. Такім чынам мы перакрэсліваем вучэнне Хрыста аб непарыўнасці хрысціянскай сям’і. Сёння шмат кажуць пра тое, што вялікі працэнт саюзаў, заключаных у тым ліку сакрамэнтальна, у тых або іншых умовах з’яўляюцца несапраўднымі. Такім чаным, мы павінны вельмі сур’ёзна падысці да разгледжання сапраўднасці тых саюзаў, якія аказаліся няўдалымі. Гэта значыць, дыскусія ідзе аб тым, каб дапамагчы разведзеным людзям глыбей зразумець прычыны няўдачы іх першага саюза, а таксама спрасціць кананічную працэдуру дэкларавання несапраўднымі тых няўдалых саюзаў. Таму што сёння гэта працэдура вельмі складаная. Калі казаць аб краінах Усходняй Еўропы, то ў нас таксама не заўсёды дастаткова кампетэнтныя царкоўныя трыбуналы, каб хутка і якасна разглядаць такія абставіны.

Другая тэма – вельмі далікатная: сакрамэнт Эўхарыстыі для тых, хто жыве ў другім саюзе. Многа кажуць сёння аб тым, што сакрамэнт Эўхарыстыі не з’яўяецца сакрамэнтам святых, але тых, хто да святасці імкнецца. Мы сёння павінны для сябе раскрыць “лячэбны”, “тэрапеўтычны” эфект Эўхарыстыі. З іншага боку мы павінны ведаць, што гэта знак еднасці веруючых з царкоўнай абшчынай. У гэтым кантэксце на Сінодзе для нас вельмі важны абмен вопытам, каб мы, з аднаго боку, добра рыхтавалі нашых маладых да сакрамэнта сужэнства, з іншага – добра займаліся душпастырскай апекай над тымі, хто трапіў у цяжкае становішча ў сваім сямейным жыцці. Яны павінны адкрыць для сябе Царкву-Маці, якая хварэе разам са сваімі дзецьмі і шукае шляхі дапамогі.

Ведаеце Уладыка, СМІ яшчэ да Сінода яго падзялілі – на ліберальную частку біскупаў і кардыналаў і кансерватыўную. Па-першае, ці так гэта, а па-другое, ці можна тое меркаванне, якое Вы выказалі, назваць кансерватыўным?

Я б не пагадзіўся з тым, што Сінод падзелены. На Сінодзе ніхто не ставіць пад сумніў цэласнасць дактрыны, вучэнне Царквы аб сужэнстве. Перад намі не стаіць задача змяніць вучэнне Царквы, гэта значыць, што наш Сінод не з’яўляецца дактрынальным. Дыскусія ідзе аб душпастырстве пры тых абставінах, у якіх людзі знаходзяцца. Але мы сёння аднадушна разумеем, што Царква павінна адкрыць новыя метады, каб быць бліжэй да сваіх людзей, нікога не выключаючы з-пад мацярынскай апекі.

Ці ёсць свой рэцэпт вырашэння гэтых пытанняў у Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы?

Яшчэ рана казаць аб нашым рэцэпце. Святар не з’яўляецца суддзёй, які апраўдвае або асуджае. У яго арсенале ёсць лекі душэўныя і ў залежнасці ад становішча, блізасці чалавека да хрысціянскага жыцця, святар павінен іх прымяняць – строгасць або міласэрнасць. Як выхавацель, які павінен навучыць свайго выхаванца. Задача – дапамагчы яму ўзрастаць, развівацца і дасягнуць сталага ладу жыцця. І вось тут гэта тэрапеўнычная оптыка Усходніх Цэркваў з’яўляецца вельмі цікавай для біскупаў, якія сабраліся на Сінодзе. Гэта “духоўная тэрапія” можа быць альтэрнатыўным шляхам, які захоўвае, практыкуе і прапануе сёння Грэка-Каталіцкая Царква.

Гэта значыць, Вы за індывідуальны падыход?

Вядома, за індывідуальны. У такіх пытаннях нельга казаць: усё ці нічога. Але падыход павінен быць праўдзівы, справядлівы і міласэрдны.

Размаўляў кс. Аляксандр Амяльчэня







All the contents on this site are copyrighted ©.