2014-10-10 14:18:51

Удзельнікі Сінода прыступілі да працы ў малых групах


RealAudioMP3 Удзельнікі ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў закончылі свае выступленні і прыступілі да працы ў малых групах, выбраўшы іх старшынь і мадэратараў. У заключнай частцы першага этапу асамблеі сваімі сведчаннямі падзяліліся ўсе жадаючыя сужэнскія пары, якія прабываюць на форуме ў якасці аўдытараў. Сінадальнымі айцамі было таксама падрыхтавана спецыяльнае пасланне да сем’яў, якія пакутуюць ад канфліктаў у свеце, распавёў падчас брыфінгу 10 кастрычніка 2014 г. кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Гаворачы пра новыя тэмы на Сінодзе, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы адзначыў абмеркаванне так званага “шляху пакаяння” для сужонкаў, якія знаходзяцца ў канфлікце паміж сабой і перажываюць цяжкія часы. Такія сітуацыі небяспечныя, паколькі маюць наступствы як для дзяцей, так і для асабістых адносін мужа і жонкі з Богам.

Гаварылася таксама пра важнасць святкавання юбілеяў сужэнства ў касцёльнай супольнасці, пра ролю веры ў сапраўднасці заключанага сужэнства, адказнасць каталіцкіх універсітэтаў за вывучэнне тэм, звязаных з сямейным жыццём, антрапалогіяй і праблемамі дзяцей.

Падчас ранішняга пасяджэння 10 кастрычніка 2014 г. сінадальныя айцы заўважылі, што Касцёл павінен больш слухаць свецкіх вернікаў у вырашэнні праблем сям’і, у прыватнасці, у дачыненні да інтымнай сферы сужэнскага жыцця. Акрамя таго, была падкрэслена неабходнасць пашырэння дыялогу паміж Касцёлам і дзяржавай праз удзел свецкіх католікаў, здольных садзейнічаць абароне правоў сям’і і абароне жыцця.

Не засталіся без увагі ўдзельнікаў Сіноду і асобы, якія засталіся без аднаго з членаў сям’і: удовы, сіроты і бацькі, якія страцілі дзіця. Гэта асаблівая група, якая патрабуе сур’ёзнай увагі Касцёла. Моцнаму асуджэнню сінадальныя айцы паддалі ўсе формы насілля ў сям’і, асабліва ў дачыненні да жанчын.








All the contents on this site are copyrighted ©.