2014-10-09 11:27:16

Сітуацыя змешаных сужэнстваў абмяркоўвалася на Сінодзе


RealAudioMP3 Сітуацыі, звязаныя з так званымі “змешанымі сужэнствамі”, апынуліся ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў. Касцёлу важна зразумець, якога кшталту катэхезу прапанаваць дзецям, народжаным у змешаных сем’ях, і як дапамагчы католікам, якія жывуць у “змешаным сужэнстве” і жадаюць працягваць практыкаваць сваю веру. Пра іх не можна забыцца, і Касцёл павінен працягваць клапаціцца пра іх, казалася ў ватыканскай сінадальнай зале. Важным выклікам удзельнікі асамблеі назвалі сітуацыю хрысціян, якія пераходзяць у іслам для таго, каб злучыцца сужэнскім саюзам з вызнаўцамі гэтай рэлігіі.

Звярталася ўвага на выпадкі, калі католікі, якія не могуць атрымаць пацвярджэнне несапраўднасці свайго сужэнства ў Касцёле, мяняюць канфесійную прыналежнасць і заключаюць новае сужэнства ў канфесіі, якая гэта дазваляе.

У кантэксце дыскусіі пра сітуацыю разведзеных, адзначалася важнасць злучэння аб’ектыўнай праўды з міласэрнасцю, бо шматлікія вернікі апынуліся ў падобных сітуацыях не па ўласнай віне.








All the contents on this site are copyrighted ©.