2014-10-09 15:59:04

Кардынал Уэле пра сітуацыю разведзеных, якія жывуць у новых саюзах


RealAudioMP3 Прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства, кардынал Марк Уэле, распавёў Ватыканскаму радыё, якім чынам, на яго думку, Касцёл павінен сведчыць міласэрнасць да разведзеных, якія жывуць у новых, несакрамэнтальных саюзах. Паводле іерарха, такія асобы, нягледзячы на складанасць іх сітуацыі, застаюцца членамі Касцёла і не павінны ад яго аддаляцца з прычыны немагчымасці прыняцця св. Камуніі. Сувязь з супольнасцю і прысутнасць на Эўхарыстыі з’яўляюцца вельмі важнымі, падкрэсліў ён. Неабходна спрыяць сустрэчы з гэтымі людзьмі і даць ім магчымасць быць пачутымі, гэта можа мець свой “тэрапеўтычны” эфект.

На думку кардынала Уэле, Касцёлу трэба таксама заняцца сваёй мовай у адносінах да разведзеных, якія жывуць у несакрамэнтальных саюзах. Важна пазбягаць дэкларацый наконт іх прабывання ў стане пастаяннага смяротнага граху і немагчымасці вяртання ў стан ласкі. “Такая мова абражае і не лічыцца з духоўным жыццём гэтых людзей, якія ў большай колькасці выпадкаў сто разоў папрасілі прабачэння ў сваім сэрцы за першае, няўдалае сужэнства”, сказаў пурпурат. На іх сітуацыю трэба глядзець з рэалізмам. Канешне, калі асоба на працягу дзесяці гадоў жыве ў іншым саюзе, мае дзяцей, то яна не можа ўжо разарваць гэтай новай сувязі. Трэба яшчэ шмат зрабіць, каб дапамагчы такім людзям заставацца ў кантакце з Касцёлам, не адчуваць сябе асуджанымі і ўсведамляць сутнасць перашкоды для прыняцця сакрамэнтальнай Камуніі.

Кардынал Уэле падкрэсліў, што таямніца Эўхарыстыі носіць сужэнскі характар – яна з’яўляецца выразам вернасці Езуса аж да самай смерці. Калі асоба жыве ў другім саюзе, яе першае, сакрамэнальнае сужэнства, не было анулявана. Такім чынам, тут існуе аб’ектыўная супярэчнасць.

Тым не менш, адзінства з Хрыстом для такіх людзей магчыма, адзначыў кардынал. Гаворка ідзе пра адзінства духоўнае. Яно можа быць таксама выказана абрадава, напрыклад, жэстам благаслаўлення падчас св. Камуніі, лічыць кардынал Уэле.








All the contents on this site are copyrighted ©.