2014-10-08 15:12:00

Удзельнікі Сінода размаўлялі пра сувязь крызісу веры з крызісам сям’і


RealAudioMP3 На сувязь крызісу веры з крызісам сям’і звярталі ўвагу ўдзельнікі ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў, падчас чарговых пасяджэнняў у Ватыкане, распавёў 8 кастрычніка 2014 г. кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Ён падзяліўся, што за два дні форуму выступілі каля 70 яго ўдзельнікаў. Значная ўвага звярталася на сітуацыю вакол сям’і ў Афрыцы, улічваючы вялікую колькасць прадстаўнікоў епіскапатаў з гэтага кантынента. Сваім сведчаннем падзялілася сужэнская пара з Кот-д’Івуара, у якой жонка – хрысціянка, а яе муж – мусульманін.

Адной з важных тэм была вера. Удзельнікі асамблеі нагадалі, што яна з’яўляецца не прывязанасцю да навучання, але асабістай лучнасцю з Хрыстом. Размова ішла пра неабходнасць даверу да Божай ласкі, пра міласэрнасць і праўду ў складаных сітуацыях, важнасць малітвы і духоўнасці ў сямейным жыцці, а таксама прабачэння і прымірэння.

Сінадальныя айцы падкрэслілі каштоўнасць пілігрымак да марыйных санктуарыяў, спалучаных з малітвай аб прымірэнні і прабачэнні ў сям’і. Былі абмеркаваны тэмы міжрэлігійнага дыялогу, дзейнасці Апостальскай Сталіцы ў міжнароднай сферы на карысць сям’і.

У рамках асамблеі сінадальныя айцы атрымалі ў дар ад Папскай рады па справах сям’і зборнік усіх дакументаў Святога Пасаду на тэму сям’і і чалавечага жыцця, паведаміў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.