Працягваючы цыкл катэхез
пра Касцёл, 8 кастрычніка 2014 г., папа Францішак звярнуўся да тэмы падзелаў паміж
хрысціянамі. Звяртаючыся да вернікаў, запоўніўшых плошчу св. Пятра з нагоды агульнай
аўдыенцыі, Пантыфік нагадаў, што існуе вялікая колькасць “братоў, якія падзяляюць
з намі веру ў Хрыста, але належаць да іншых канфесій або традыцый”. На працягу гісторыі
гэтыя адрозненні часта былі прычынай канфліктаў і пакутаў, і нават “сёння адносіны
не заўсёды пазначаны павагай і сардэчнасцю”, з жалем адзначыў Святы Айцец. “Мы добра
ведаем, наколькі Езус жадаў, каб Яго вучні заставаліся ў Яго любові. Дастаткова падумаць
пра Яго словы, перададзеныя ў 17-м радзеле Евангелля паводле св. Яна – пра малітву,
скіраваную да Айца напярэдадні мукі: “Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты
даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы”, - нагадаў Папа.
“Гэта адзінства знаходзілася
пад пагрозай яшчэ тады, калі Езус быў сярод сваіх: у Евангеллі ўзгадваецца, як апосталы
спрачаліся паміж сабой аб тым, хто з іх самы вялікі, больш важны. Пан, аднак, моцна
настойваў на адзінстве ў імя Айца, даючы зразумець, што наша прапаведванне і сведчанне
будуць настолькі пераканаўчымі, наколькі будзем здольнымі жыць у адзінстве і любіць
адно аднаго. І гэта Яго апосталы, з ласкай Святога Духа, затым глыбока ўсвядомілі
і прынялі да сэрца, і святы Павел звяртаўся да карынцкай супольнасці з такімі словамі:
“Заклікаю вас, браты, дзеля імя нашага Пана Езуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно
і тое ж і каб не было паміж вамі расколу, але каб мелі еднасць у думках і пазнанні”,
- сказаў Папа.
Францішак заўважыў, што д’ябал намагаўся падзяліць Касцёл на
працягу ўсёй яго гісторыі, таму яна “пазначана цяжкімі і балючымі расколамі”. Сёння,
па прашэсці доўгага часу, ужо цяжка даведацца пра іх матывы і знайсці неабходныя рашэнні,
лічыць Святы Айцец.
“Прычыны, якія прывялі да падзелаў і расколаў, могуць быць
рознымі: ад рознагалоссяў адносна дагматычных і маральных прынцыпаў і тэалагічных
і душпастырскіх паняццяў, да матываў, якія тычыліся палітыкі і суіснавання, або нават
канфліктаў з прычыны антыпатый або асабістых амбіцый. Але дакладна тое, што за гэтымі
падзеламі, тым ці іншым чынам, заўсёды стаялі пыха і эгаізм, якія з’яўляюцца прычынай
усіх нязгод, робяць нас нецярпімымі, няздольнымі слухаць і прымаць тых, хто мае іншы
погляд ці пазіцыю, адрозную ад нашай”, - сказаў Святы Айцец.
Перад абліччам
такой сітуацыі Пантыфік нагадаў пра важнасць малітвы, у адзінстве з Езусам. “А разам
з малітвай Пан просіць нас аб абноўленай адкрытасці: просіць нас не закрывацца на
дыялог і сустрэчу, прымаць усё тое годнае і станоўчае, што прапануецца тымі, хто думае
інакш ці займае адрозную пазіцыю. Ён просіць засяроджвацца не на тым, што падзяляе,
але на тым, што аб’ядноўвае, намагаючыся лепш пазнаваць і любіць Езуса і дзяліцца
багаццем Яго любові. Гэта прадугледжвае адкрытасць на праўду, разам са здольнасцю
прабачаць, адчуваць сябе часткай адзінай сям’і, лічыць адно аднаго дарам для іншага
і разам чыніць многія добрыя рэчы, многія справы міласэрнасці”, - пажадаў Папа.
Францішак
пажадаў, каб паміж вернікамі існавала жаданне адзінства і малітва ў гэтай інтэнцыі,
каб тэолагі працягвалі шукаць шляхі да еднасці. “Гэта называецца духоўным экуменізмам:
супольна ісці шляхам жыцця ў веры ў Езуса Хрыста, Пана”, - сказаў ён.
На заканчэнне
катэхезы Пантыфік падзяліўся, што сёння святкуе 70-годдзе сваёй Першай св. Камуніі.
“Усе мы павінны ведаць, што прыняцце Першай св. Камуніі азначае ўваход у адзінства
з іншымі, адзінства з братамі ў нашым Касцёле, але таксама адзінства з усімі, хто
належаць да іншых супольнасцяў, але верыць у Езуса”, - сказаў папа Францішак.