2014-10-08 13:55:42

Дэлегат ад Рускай Праваслаўнай Царквы на Сінодзе: праблемы сем’яў у нас аднолькавыя


RealAudioMP3 У Сінодзе Біскупаў на тэму сям’і і сужэнства прымаюць удзел так званыя “братнія дэлегаты”, прадстаўнікі іншых канфесій і традыцый. Сярод іх, дэлегат ад Рускай Праваслаўнай Царквы, іераманах Антоній Сяўрук, настаяцель царквы св. Кацярыны ў Рыме. У інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё ён падзяліўся сваім поглядам на ход асамблеі, распавёў пра актуальнасць праблематыкі, якая на ёй закранаецца, для праваслаўных і сказаў аб тым, што, на яго думку, католікі могуць пераняць у праваслаўных.

Ойча Антоній, скажыце калі ласка, якія праблемы з тых, што абмяркоўваюцца на Сінодзе, актуальныя для Рускай Праваслаўнай Царквы?

Тая тэма, якая абмяркоўваецца на Сінодзе, а менавіта, выклікі, якія стаяць перад сям’ёй у кантэксце евангелізацыі, і ўвогуле, у кантэксце сучаснага грамадства, яны стаяць сёння і перад праваслаўнымі, і перад католікамі, і, напэўна, перад прадстаўнікамі іншых канфесій і рэлігій.

Канешне, нам вельмі важна пачуць сведчанні біскупаў, якія прыбылі ў Рым з усіх пяці кантынентаў. Кожны з іх распавядае пра праблемы, з якімі сем’і сёння сутыкаюцца ў самых розных краінах. Праблемы гэтыя дастаткова характэрныя: маладыя людзі сёння ўсё менш і менш жадаюць заключаць сужэнства ў Царкве і нават рэгістраваць дзяржаўны шлюб. Наступныя праблемы, гэта: нядоўгачасовасць саюзаў, страта пачуцця святасці сужэнства. Я думаю, што гэтыя тэмы актуальныя як для Праваслаўнай Царквы, так і для Каталіцкага Касцёла, таму нам, як праваслаўным, вельмі важна і цікава пачуць аб тым, як католікі на месцах вырашаюць гэтыя пытанні. Лічу, што ў абсалютнай большасці яны аднолькавыя.

Варта сказаць, што ў першыя дні Сінода гаворка больш ідзе пра пытанні, звязаныя з душпастырскай практыкай Каталіцкага Касцёла ў адносінах да сем’яў. Размова ідзе пра сем’і, якія распаліся, але ў адносінах да якіх Касцёл імкнецца зрабіць усё магчымае, каб іх выратаваць. Мы ведаем, што ў католікаў ёсць практыка, якой няма ў праваслаўных, асаблівых адносін да такіх сем’яў, што патрабуюць пакаяння, якія на некаторы час пазбаўлены сакрамэнтальнага жыцця. Гаворка ідзе аб тым, як да гэтых сем’яў правільна паставіцца, паколькі яны знаходзяцца ў вельмі далікатнай сітуацыі.

Ойча, Вы душпастыр у праваслаўным прыходзе Рыма. Вы сустракаецеся з праваслаўнымі семямі і бачыце іх праблемы. Скажыце калі ласка, на Вашу думку, што праваслаўным было б нядрэнна пераняць з каталіцкага досведу працы з сужэнствамі?

Я б хацеў адзначыць адзін з момантаў, які для мяне здаецца найбольш цікавым на гэтым Сінодзе. Справа ў тым, што гэта другая такога роду асамблея, на якой я прысутнічаю як прадстаўнік ад Рускай Праваслаўнай Царквы. Асаблівасць гэтага Сінода заключаецца ў тым, што дастаткова яскравай і актыўнай з’яўляецца роля свецкіх вернікаў, якіх запрасілі ў якасці дэлегатаў. Яны ў большасці – сужэнскія пары з розных куткоў свету, у кожнай з якіх ёсць свой уласны досвед сямейнага жыцця, досвед супрацьстаяння тым праблемам, якія сёння сустракае сям’я. Практычна кожны дзень мы чуем іх сведчанні. Што самае цікавае, людзі, якія захавалі святасць свайго сужэнства на працягу дзесяцігоддзяў, выхавалі дзяцей, яны не замыкаюцца ў сваім малым “хатнім касцёле”, але выходзяць у свет, за межы свайго дома, і прабуюць, выходзячы са свайго асабістага досведу, дапамагчы іншым сем’ям бароцца з тымі праблемамі, якія яны калісьці перажылі. Мне здаецца, што гэта роля свецкіх вернікаў у захаванні інстытута сям’і, дапамога тым асобам, якія толькі пачынаюць жыць сямейным жыццём, з’яўляецца надзвычай важнай і карыснай.

Скажыце, што па-сяброўску Вы маглі б параіць католікам адносна працы з семямі, як дэлегад ад Рускай Праваслаўнай Царквы і як праваслаўны святар?

Мне цяжка штосьці параіць, але хачу сказаць аб тым, што ў самы першы дзень працы Сінода, у адным з першых дакладаў, ішла гаворка аб тым, што Каталіцкаму Касцёлу варта звярнуць увагу на практыку Усходніх Цэркваў, перш за ўсё, Праваслаўнай Царквы, у адносінах да тых пытанняў, якія абмяркоўваюцца на асмблеі. Гэта ў першую чаргу пытанні, звязаныя з душпастырскай апекай асоб, якія па нейкай прычыне перажылі гэта глыбокае асабістае гора, распад сям’і. Вядома, што ў Праваслаўнай Царкве ёсць практыка, калі пры пэўных умовах існуе магчымасць уступіць у паўторны саюз. Аб гэтым таксама ішла гаворка на Сінодзе.

Вельмі важна памятаць аб тым, дзеля чаго на дастаткова ўнутраным мерапрыемстве Каталіцкага Касцёла прысутнічаюць “брацкія дэлегаты”. Яны павінны ўнесці свой уклад у абмен думкамі дзеля таго, каб тэма Сіноду была прадстаўлена ва ўсёй сваёй поўні. Думаю, самае галоўнае, што мы можам паразмаўляць паміж сабой. Я вельмі чакаю тых дзён, калі будуць праходзіць пасяджэнні ў малых працоўных групах і мы ў больш вузкім складзе зможам выказацца і распавесці пра свой досвед.

Са свайго боку магу засведчыць аб тым, што гэта важна хаця б таму, што ў нашым вялікім праваслаўным прыходзе ў Рыме судакрананне праваслаўнага і каталіцкага свету вельмі часта адбываецца ў сем’ях, бо ў нас вельмі вялікі працэнт змешаных сужэнстваў. Зыходзячы з гэтых абставін, таксама можна шмат сказаць.

Мне хацелася б пажадаць, каб гэты Сінод стаў сапраўдным абменам думкамі, узаемным узбагачэннем. Я упэўнены, што за наступныя амаль паўтары тыдні гэта ўдасца зрабіць.

Дзякуй вялікі за гэту размову. Жадаю Вам плённай прысутнасці на Сінодзе Біскупаў!

Дзякуй вялікі, я таксама вельмі на гэта спадзяюся!

Размаўляў кс. Аляксандр Амяльчэня







All the contents on this site are copyrighted ©.