2014-10-08 13:52:51

Арцыбіскуп Кандрусевіч на Сінодзе пра праваслаўную практыку адносна паўторных саюзаў


RealAudioMP3 У тым, што прычынай крызісу сям’і ў першую чаргу з’яўляецца крызіс веры, упэўнены арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Карэспандэнту Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё ўдалося сустрэцца ў кулуарах з дэлегатам ад епіскапату Беларусі на гэтым гістарычным форуме. Іерарх адзначыў, што на пачатку Сінода Святы Айцец Францішак заклікаў усіх да адкрытай размовы. Таму ўдзельнікам вельмі проста выказваць сваю пазіцыю па актуальных пытаннях, адным з якіх з’яўляецца няведанне сучаснымі каталіцкімі сем’ямі сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла, у прыватнасці аб сям’і. Але праблема, на думку беларускага іерарха, ляжыць глыбей. “Але я хацеў бы паставіць пытанне іншым бокам. Мае бацькі, нашы бацькі не ведалі сацыяльнага вучэння Касцёла, яны не чулі нават слоў такіх. Я, прызнацца, скончыўшы семінарыю, таксама не ведаў аб сацыяльным вучэнні. У савецкія часы нават аб гэтым ніхто не казаў. Аднак, сем’і былі вельмі моцныя. Для мяне крызіс сям’і – гэта крызіс веры. Узгадайце, у сем’ях маліліся кожны дзень – раніцай і вечарам, хадзілі ў Касцёл, гэтаму вучылі сваіх дзяцей. А сёння – сітуацыя зусім іншая. Гэта адно з тых пытанняў, на якія Сінод павінен даць адказ”, - лічыць арцыбіскуп Кандрусевіч.

Сярод дэлегатаў на Сінодзе – таксама прадстаўнікі праваслаўнага веравызнання, у прыватнасці Рускай Праваслаўнай Царквы. У Беларусі шмат сем’яў – змешаных, каталіцка-праваслаўных, таму сямейныя патынні часта трэба разглядаць з двух бакоў, а вучэнне Каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў у нейкіх пунктах не зыходзяцца. Напрыклад, праваслаўныя маюць магчымасць пасля разводу атрымаць благаслаўленне паўторнага саюзу. Усё гэта – не тэорыя, а сённяшняя рэчаіснасць, таму пытанне патрабуе вельмі сур’ёзнага абмеркавання і прыняцця нейкага агульнага меркавання, лічыць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. “Практыка, якая існуе ў Праваслаўнай Царкве, дазваляе другое сужэнства, але гэта не сакрамэнтальнае сужэнства, а толькі благаслаўленне. Гэта вялікая розніца. А калі праваслаўны атрымлівае такое благаслаўленне і хоча стварыць сям’ю з католікам, то ён павінен прайсці працэс праз касцёльны суд, і тут паўстае шмат пытанняў. Іх таксама павінны абмяркоўваць на Сінодзе, і я буду ў гэтым прымаць удзел”, - паведаміў Мітрапаліт.

Адзначыў беларускі іерарх і добрую атмасферу, якая пануе на форуме. Удзельнікаў вельмі ўражвае настрой і прастата Святого Айца Францішка, які прыходзіць на пасяджэнні пешшу і з усімі разам п’е каву, расказаў Мітрапаліт Кандрусевіч. “Святы Айцец вельмі ўважліва сочыць за ходам форума, слухае. Вядома, некаторыя біскупы маюць добры гумар, і Папа над жартамі смяецца ад чыстага сэрца, гэта бачна. Прыемна вельмі. Гэта пацвярджае тое, што ён сказаў на пачатку: “Будзем братамі”, а таксама пажадаў усім быць адкрытымі”, - адзначыў арцыбіскуп.

Менавіта на гэта – сумленную і адкрытую размову – спадзяюцца і ўсе дэлегаты форума. А таксама на тое, што Сінод прынясе канкрэтныя плёны, якія не прымусяць сябе доўга чакаць.







All the contents on this site are copyrighted ©.