2014-10-07 11:25:45

Святы Пасад заклікаў да прафілактыкі масавай міграцыі


RealAudioMP3 Святы Пасад чарговы раз заклікаў да прафілактыкі масавых міграцыйных патокаў, на гэты раз на афрыканскім кантыненце. Арцыбіскуп Сільвана Тамазі выступіў на сесіі Выканаўчага камітэта Упраўлення Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах бежанцаў, якая праходзіла на тэму гуманітарнай дапамогі бежанцам у Афрыцы. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН звярнуў увагу на неабходнасць доўгатэрміновай палітыкі для ліквідацыі прычын міграцыйных патокаў, а менавіта, збройных канфліктаў і дрэннага кіравання. Ён нагадаў пра трагедыі, якія адбываюцца ў Міжземным моры, калі ўцекачы з Афрыкі спрабуюць дасягнуць Еўропы, свядома рызыкуючы жыццём. У гэтым кантэксце іерарх нагадаў пра занадта строгія еўрапейскія стандарты і з’яву гандлю людзьмі. На яго думку, для ліквідацыі масавай міграцыі патрэбна змена менталітэту і развіццё культуры міру.

Паводле меркавання Святога Пасаду, афрыканскія краіны ўжо маюць неабходны палітычны і эканамічны патэнцыял, каб каардынаваць дзейнасць на кантынентальным узроўні ў мэтах садзейнічання развіццю і мірнаму ўрэгуляванню канфліктаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.