2014-10-06 13:14:30

Генеральны рэлятар Сіноду прадставіў даклад для абмеркавання


RealAudioMP3 Выклік Сінода Біскупаў заключаецца ў абноўленым прапанаванні свету прыгажосці хрысціянскага паслання аб сужэнстве і сям’і, сказаў кардынал Пэтэр Эрдо, Генеральны рэлятар ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў, на адкрыццё форума, 6 кастрычніка 2014 г. у Ватыкане. Венгерскі пурпурат прадставіў удзельнікам асамблеі “Relatio ante disceptationem” (Даклад для абмеркавання) – дакумент складзены на падставе тэмаў, пытанняў, праблематык і прапановаў, якія паступалі ў сакратарыят Сінода Біскупаў, перад яго пачаткам. У сваім дакладзе кардынал Эрдо заклікаў глядзець на сям’ю з надзеяй і міласэрнасцю, абвяшчаць каштоўнасць і прыгажосць гэтага інстытута. Ён падкрэсліў, што перад абліччам культуры непастаянства, канцэнтрацыі на пачуццях і панавання індывідуалізму, Евангелле сям’і з’яўляецца сродкам “аздараўляючым праўдай”, які неабходна прапаноўваць і пахіляцца над тымі, каму цяжка яго распазнаць і прыняць.

На думку Генеральнага рэлятара, нельга паддавацца панічным настроям: значная большасць католікаў не прымае гендэрнай ідэалогіі або атаясамлівання гомасексуальных саюзаў з сужэнствам паміж мужчынам і жанчынай.

Кардынал Эрдо заўважыў, што падчас Сінода не будзе ставіцца пад пытанне навучанне Касцёла ў сферы непарыўнасці сужэнства, але менавіта практычныя, душпастрыскія бакі з ім звязаныя. Пурпурат звярнуў увагу на важнасць глыбокай падрыхтоўкі пар, якія жадаюць заключыць сужэнства, каб усведамлялі яго сакрамэнтальную годнасць і сацыяльнае значэнне.

Гаворачы пра людзей, якія перажываюць складаныя сужэнскія сітуацыі, ён падкрэсліў, што Касцёл для іх павінен быць “бацькоўскім домам”. Неабходна, каб гэтыя людзі адчувалі сябе любімымі Богам і касцёльнай супольнасцю. У той жа час важна памятаць, што “міласэрнасць не адмяняе абавязкаў”, якія вынікаюць з заключэння сужэнскага саюзу. Яны працягваюць існаваць нават калі чалавечая любоў аслабла або нават знікла. “Гэта значыць, што ў выпадку сакрамэнтальнага (дапоўненага) сужэнства, пасля развода, калі адзін з сужонкаў яшчэ жыве, немагчыма другое сужэнства прызнанае Касцёлам”, - сказаў іерарх.

Кардынал Эрдо, заўважыў, што разведзеныя асобы, які жывуць у новых саюзах, працягваюць належаць да Касцёла, таму маюць права на тое, каб душпастыры іх суправаджалі. Менавіта душпастрыская дзейнасць у адносінах да сям’і і сужэснтваў, з’яўляецца тэмай Сінода.

Апошнюю частку свайго даклада Генеральны рэлятар ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў прысвяціў Евангеллю жыцця. Ён нагадаў пра непарушнасць пазіцыі Касцёла, паводле якой жыццё працягваецца ад зачацця да натуральнай смерці, пра важнасць адкрытасці сужэнстваў на жыццё.








All the contents on this site are copyrighted ©.