2014-10-04 11:48:08

Тысячы вернікаў памоляцца ў інтэнцыі Сінода Біскупаў разам з Папам


RealAudioMP3 Малітоўнае чуванне ў інтэнцыі паспяховага правядзення ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў на тэму сям’і і сужэнства пройдзе вечарам 4 кастрычніка 2014 г. на плошчы св. Пятра. Падчас сустрэчы, дзесяткі тысяч вернікаў будуць разважаць над каштоўнасцю інстытутаў сям’і і сужэнства і згодна з заклікам папы Францішка, прасіць Святога Духа, каб “асвяціў сінадальных айцоў і кіраваў імі ў выкананні іх складанага задання”. Святы Айцец таксама прыме ўдзел у малітве на ватыканскай плошчы і звернецца да яе ўдзельнікаў. У рамках чування прагучаць урыўкі са Святога Пісання і прамоваў Папы на тэму сямейнай і сужэнскай любові, а таксама некалькі сведчанняў. Сваімі радасцямі, праблемамі і надзеямі падзеляцца маладая пара, якая рыхтуецца да прыняцця сакрамэнту сужэнства; муж і жонка, якія маюць пяць дзяцей і актыўна дапамагаюць у душпастрыстве сем’яў у сваёй дыяцэзіі; і нарэшце “параненая пара” – мужчына і жанчына, якія пасля сямейнага крызісу, шэсць гадоў пражылі асобна, але з дапамогай Касцёла, знайшлі ў сябе сілы аднавіць еднасць сям’і.

Малітоўнае чуванне арганізавана па ініцыятыве Канферэнцыі Біскупаў Італіі. ІІІ Надзвычайная сесія Сінода Біскупаў пачнецца 5 кастрычніка і працягнецца да 19 кастрычніка 2014 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.