2014-10-04 11:06:46

Закончыўся ватыканскі саміт па Блізкім Усходзе


RealAudioMP3 4 кастрычніка 2014 г. у Ватыкане праходзіць апошні дзень спецыяльнай сустрэчы па сітуацыі на Блізкім Усходзе. Перад тым, як падвесці вынікі двухдзённага спаткання, удзельнікі саміта – Апостальскія нунцыі з краін рэгіёна і прадстаўнікі ватыканскіх дыкастэрый, якія займаюцца блізкаўсходнімі пытаннямі – прынялі ўдзел у Эўхарыстыі, якую ўзначаліў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін у капліцы св. Паўла Апостальскага палацу Ватыкана. На працягу некалькіх дзён дыпламаты і высокія ватыканскія іерархі абмяркоўвалі палітычную сітуацыю на Блізкім Усходзе і прынцыпы дзейнасці Святога Пасаду ў існуючым кантэксце. Гаворачы пра пазіцыю Апостальскай Сталіцы, сакратар па адносінах з дзяржавамі арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці адзначыў, што “мір павінен шукацца праз “рэгіянальнае” і ўсеахопліваючае рашэнне, якое не будзе супярэчыць інтарэсам ніводнага з бакоў”, а таксама “праз дыялог, а не аднабаковыя рашэнні навязаныя сілай”.

Ватыканскі дыпламат нагадаў пра важнасць барацьбы з фундаменталізмам, які знаходзіцца ў аснове тэрарызму на Блізкім Усходзе. Для гэтага павінен развівацца дыялог з лідэрамі іншых рэлігій і супрацоўніцтва на карысць дабра ўсіх. Святы Пасад, у адносінах з краінамі з мусульнаскай большасцю, фундаментальным пытаннем лічыць абарону хрысціян і прадстаўнікоў іншых меншасцяў, адзначалася падчас ватыканскай сустрэчы.

Удзельнікамі саміта падкрэслівалася фундаментальная важнасць вырашэння ізраільска-палестынскага канфлікту для стабільнасці і міру на ўсім Блізкім Усходзе, для чаго неабходна аднавіць дыпламатычныя намаганні. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся адносіны Каталіцкага Касцёла з іншымі хрысціянскімі Цэрквамі ў рэгіёне, яго роля ў аказанні дапамогі бежанцам, спрыянні міру і справядлівасці. 2 кастрычніка 2014 г. з удзельнікамі саміта сустракаўся папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.