2014-10-04 13:13:15

Арцыбіскуп Кандрусевіч: Сінод будзе няпростым, але ў дыскусіях выяўляецца праўда


RealAudioMP3 Правядзенне дыскусіі на тэму сям’і вельмі своечасовае, бо заўтра размаўляць аб гэтым можа быць ужо позна, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Іерарх будзе прадстаўляць Беларусь на ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў, якая пройдзе ў Ватыкане 5-19 кастрычніка 2014 г. Падчас яе будуць абмяркоўвацца пытанні душпастырства сем’яў, сітуацыя католікаў, якія жывуць у несакрамэнтальных саюзах, змешаных сем’яў, сексуальнай маралі, перадачы веры. “Паводле мяне, гэта будзе няпросты Сінод: падчас яго сутыкнецца вялікая колькасць розных меркаванняў. Мне здаецца, што будуць вельмі гарачыя дыскусіі, але яны павінны прывесці да пазнання праўды, таму што праўда выяўляецца менавіта падчас дыскусій і спораў”, - сказаў іерарх.

Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што апошняя Надзвычайная сесія Сінода Біскупаў праходзіла больш за 30 гадоў таму, а пасля яе, св. Ян Павел ІІ напісаў фундаментальны для душпастырства сем’яў дакумент, Апостальскую адгартацыю “Familiaris consortio”, якім Касцёл працягвае карыстацца ў нашыя дні. Сёння, аднак, свет змяняецца і ўзнікае шмат новых праблем і выклікаў: напрыклад, многія людзі, якія называюць сябе веруючымі католікамі, не заўсёды прытрымліваюцца Божага закону і прынцыпаў здаровай сям’і.

“Гэта праблема вельмі актуальная, што пацвердзіла апытанне ўсіх біскупскіх канферэнцый свету. Трэба нешта рабіць. З аднаго боку нельга змяняць навучання – яно застаецца заўсёды тым жа самым – але пра яго прымяненне, магчыма, трэба і падумаць, у сувязі з выклікамі часу”, - адзначыў ён.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі падкрэсліў, што надзвычайная сесія Сіноду з’яўляецца этапам падрыхтоўкі да звычайнай, якая пройдзе ў наступным годзе. Зараз, на яго думку, задача заключаецца ў тым, каб “паставіць дыягназ” – прааналізаваць у якой сітуацыі знаходзіцца Касцёл, якія меркаванні ў ім існуюць і на падставе гэтага грунтоўна падрыхтавацца да Сінода Біскупаў, які пройдзе ў 2015 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.