2014-10-02 11:32:01

Папа: няма ніякага апраўдання насіллю на Блізкім Усходзе


RealAudioMP3 Ніякія рэлігійныя, палітычныя або эканамічныя прычыны не могуць апраўдаць таго, што адбываецца з сотнямі тысяч мужчын, жанчын і нявінных дзяцей на Блізкім Усходзе, адзначыў папа Францішак падчас сустрэчы з Каталікосам-Патрыярхам Асірыйскай Царквы Усходу Мар Дынхам IV Хананіям. Францішак прыняў іракскага іерарха на аўдыенцыі ў Ватыкане 2 кастрычніка 2014 г. У першую чаргу Пантыфік выказаў салідарнасць з хрысціянамі і прадстаўнікамі іншых рэлігійных меншасцяў Блізкага Усходу, асабліва Іраку і Сірыі. “Колькі нашых братоў і сясцёр пакутуюць штодзённа ад пераследу! Калі толькі падумаем пра іх цярпенні, адразу пераўзыходзім абрадавыя ці канфесійныя адрозненні: у іх прысутнічае цела Хрыста, якому і сёння наносяцца раны, удары, прыніжэнні”, - сказаў Папа. Францішак запэўніў лідэра Асірыйскай Царквы Усходу ў сваёй прыхільнасці экуменічнаму шляху, паглыбленню сяброўства і адзінства, а таксама ў малітве за працу супольнай змешанай камісіі па тэалагічным дыялогу.

Асірыйская Царква Усходу, вядомая таксама як Нестарыянская або Персідская Царква, узнікла сярод арамейскамоўнага насельніцтва Месапатаміі ў І ст. Яна адносіцца да сірыйскай традыцыі ўсходняга хрысціянства. Колькасць яе вернікаў складае каля 200-400 тыс. чалавек, якія пражываюць пераважна ў Іраку, Сірыі, Іране, ЗША, Арменіі, Швецыі і іншых краінах.








All the contents on this site are copyrighted ©.