2014-10-02 15:06:29

Арцыбіскуп Тамазі: салідарнасць з бежанцамі – наш маральны імператыў


RealAudioMP3 Насілле можа толькі руйнаваць і раз’ядноўваць грамадства, адзіным шляхам да мірнага суіснавання з’яўляецца дыялог, – з такім зваротам да ўдзельнікаў сесіі Выканаўчага камітэта Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў звярнуўся 1 кастрычніка 2014 г. арцыбіскуп Сільвана Тамазі. Ён падкрэсліў, што колькасць прымусовых перасяленцаў дасягнула найвышэйшай адзнакі з часоў Другой сусветнай вайны. Міжнародная супольнасць павінна тэрмінова распрацаваць прэвентыўныя меры дзеля таго, каб людзі не былі вымушаныя пакідаць свае дамы.

На думку арцыбіскупа Тамазі, неабходна змяніць палітыку ў адносінах да бежанцаў: “чалавек, з яго недатыкальнай годнасцю і неаддзельнымі правамі, павінен быць асновай палітыкі, а не інструментам для прыняцця эканамічных і палітычных рашэнняў”. Арцыбіскуп Тамазі падкрэсліў, што Апостальская Сталіца падтрымлівае ідэю стварэння глабальнага партнёрства на аснове салідарнасці. На яго думку, салідарнасць – наш канкрэтны маральны імператыў, які вынікае з таго факту, што ўсе мы належым да аднаго чалавечага роду.








All the contents on this site are copyrighted ©.