2014-10-01 14:39:50

Старшыня Папскай рады па справах свецкіх пра Сінод Біскупаў


RealAudioMP3 Сінод Біскупаў з’яўляецца магчымасцю для сумеснага разважання над пытаннем, як абвяшчаць Евангелле ў свеце, што прапануе ўзоры жыцця радыкальна супярэчныя яму, лічыць кардынал Станіслаў Рылка. Старшыня Папскай рады па справах свецкіх падкрэсліў, што хрысціянскім сужонкам патрэбна “мужнасць прарокаў”, каб ісці супраць плыні пануючай культуры і прадэманстраваць, што сужэнства з’яўляецца прыгожай і прывабнай праграмай жыцця. Іерарх выказаў перакананне, што асноўным момантам дыскусіі на Сінодзе не будзе сітуацыя разведзеных, якія жывуць у несакрамэнтальных саюзах, аб чым зараз актыўна гавораць СМІ. На самой справе, гаворка ідзе пра абарону самай глыбокай сутнасці быцця чалавека, створанага Богам як мужчына і жанчына.

Кардынал Рылка лічыць, што каталіцкія сужонкі павінны паставіць перад сабой фундаментальныя пытанні: ці ў іх ёсць смеласць цалкам даверыцца “Евангеллю сям’і” і навучанню Касцёла аб сужэнстве; ці нягледзячы на свае абмежаванні і слабыя бакі, яны імкнуцца сведчыць аб прыгажосці сужэнства і хрысціянскай сям’і ў сваім асяроддзі? Гэта важна ў кантэксце разбуральнай дыктатуры постмадэрнізма.

Ватыканскі іерарх нагадаў, што св. Ян Павел II, якога Францішак называе “Папам сям’і”, гаварыў, што Евангелле не абяцае нікому камфортнага жыцця і што, каб быць збаўленым, трэба ўзяць на сябе крыж. Таму, варта “закасаць рукавы”, лічыць старшыня Папскай рады. Іерарх перакананы, што існуе неабходнасць у дбайным абнаўленні і пераасэнсаванні ўсяго душпастырства сям’і.

У інтэрв’ю італьянскай „Avvenire” кардынал нагадаў, што Касцёл пакліканы суправаджаць, з любоўю і спачуваннем, хрысціянскія пары, асабліва тыя, якія перажываюць крызіс або жывуць у несакрамэнтальных саюзах. Ён зацытаваў папу Францішка, які лічыць, што сёння патрэбна “місійнае душпастырскае навяртанне, якое не можа пакінуць рэчы так, як яны выглядаюць сёння”.







All the contents on this site are copyrighted ©.