2014-10-01 11:52:22

Апостальская Сталіца звярнула ўвагу ААН на праблемы афрыканскіх мігрантаў


RealAudioMP3 Святы Пасад чарговы раз звярнуў увагу на сітуацыю афрыканскіх мігрантаў у Еўропе. Арцыбіскуп Сільвана Тамазі выступіў у Жэневе на сесіі Выканаўчага Упраўлення Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Яна прайшла на тэму “Умацаванне міжнароднага супрацоўніцтва, салідарнасці, мясцовага патэнцыялу і гуманітарнай дапамогі для бежанцаў у Афрыцы”. Гэтыя людзі хочуць знайсці бяспеку і магчымасці для лепшага жыцця, і на гэтым шляху сутыкаюцца са шматлікімі смяротнымі пагрозамі, падкрэсліў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў ААН. Ён узгадаў бязлітаснасць кантрабандыстаў, якія транспартуюць “жывы тавар” аварыйнымі судамі, якія ледзь трымаюцца на вадзе, і бесчалавечыя памежныя правілы. Гэта ўсё прыводзіць да сітуацыі, калі Міжземнае мора становіцца штодня “маўклівымі могілкамі”.

На думку ватыканскага дыпламата, міжнародная супольнасць павінна рабіць больш для афрыканскіх краін, якія прымаюць у сябе мігрантаў. Іх гасціннасць недастатковая з прычыны абмежаваных рэсурсаў. Арцыбіскуп выказаў удзячнасць многім краінам афрыканскага кантыненту, адкрытым для бежанцаў у выпадках гуманітарных крызісаў.

Прадстаўнік Святога Пасаду заклікаў процідзейнічаць прычынам міграцыі, асабліва збройным канфліктам і развалу эканомік і краін. З іншага боку, у самой Афрыцы трэба падтрымліваць дзейнасць на карысць агульнага дабра, развіцця і супрацоўніцтва, пераадолення племяннога менталітэту, распаўсюджання культуры міру і павагі да чалавека, заявіў арцыбіскуп Сільвана Тамазі.







All the contents on this site are copyrighted ©.