2014-09-30 12:08:59

Францішак пра “тэатральны плач”


RealAudioMP3 Да пазбягання “тэатральнага плачу” заклікаў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 30 верасня 2014 г. Святы Айцец пахіліўся над гісторыяй біблійнага Ёва, які праклінаў дзень, калі нарадзіўся, таму што “быў падвергнуты выпрабаванню – згубіў сям’ю, усе даброты, здароўе, а яго цела стала адной вялікай язвай”. У гэты момант цярплівасць Ёва скончылася і ён пачаў казаць Богу кепскія рэчы. “Ён прызвычаіўся казаць праўду, і гэта было праўдай пра тое, што ён адчуваў у той момант”, - адзначыў Пантыфік. Францішак нагадаў, што і Езус абураўся падчас малітвы ў Аліўным садзе: “Ойча, чаму мяне пакінуў?”. “Я часта чуў, як людзі ў складаных сітуацыях, якія шмат згубілі або адчувалі сябе самотнымі і пакінутымі, задавалі гэта пытанне: “чаму?”. Яны паўставалі супраць Бога, а я ім казаў: “Працягвай маліцца такім чынам, таму што гэта малітва. І Езус маліўся, калі казаў свайму Айцу: “Чаму мяне пакінуў?”, - адзначыў Папа.

Паводле Францішка, маліцца – азначае стаяць ў праўдзе перад Богам і менавіта так рабіў Ёў – “ён не мог маліцца інакш”. У падобных драматычных сітуацыях сёння знаходзіцца шмат людзей. Дастаткова ўзгадаць пра хрысціян Блізкага Усходу, якіх прымусілі пакінуць свае дамы і застацца без нічога, пра старых, хворых і самотных.

Францішак падкрэсліў, што многія хрысціяне абураюцца на Бога па прычыне дробязяў. “Калі адчуваюць крыху цемры ў душы, лічаць сябе мучанікамі і перастаюць маліцца”, або кажуць: “Я раззлаваўся на Бога і не пайду на Імшу!”. У моманты цяжкасцяў трэба браць прыклад са св. Тэрызы ад Дзіцятка Езуса, якая часта прасіла ў Бога сілы, каб “увайсці ў цярпенне”. “Наша жыццё занадта лёгкае, а слёзы – тэатральныя”, - сказаў Папа і параіў памятаць пра сапраўдныя пакуты, якія існуюць у свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.