2014-09-30 11:13:53

Ватыкан гатовы да прыёму журналістаў на Сінодзе Біскупаў


RealAudioMP3 Да адкрыцця ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў на тэму сям’і і сужэнства застаецца ўсяго некалькі дзён. У сувязі з гэтым Зала Друку Апостальскай Сталіцы апублікавала некаторыя дадзеныя, якія тычыцца інфармацыйнага забеспячэння і лагістыкі форума. Адзначаецца, што на працягу пасяджэнняў Сінода Зала Друку Святога Пасаду будзе адкрыта штодзённа, нават у нядзелі. 3 кастрычніка 2014 г., за два дні да адкрыцця мерапрыемства, запланавана прэс-канферэнцыя з Генеральным сакратаром Сінода Біскупаў, кардыналам Ларэнца Балдзісэры, які пазнаёміць з інфармацыяй адносна тэмы і метадаў працы форума. На працягу Сінода адбудуцца тры прэс-канферэнцыі. На адной з іх, 18 кастрычніка, будзе прадастаўлена спецыяльнае пасланне ўдзельнікаў асамблеі.

Для больш эфектыўнай камунікацыі з журналістамі запланавана рэгулярнае правядзенне брыфінгаў, падчас якіх кіраўнік Залы Друку, кс. Фэдэрыка Ламбардзі, будзе апавядаць пра апошнія актуальныя падзеі і рашэнні ўдзельнікаў надзвычайнай сесіі. Пачынаючы з другога тыдня працы форума, у брыфінгах з журналістамі будуць прымаць удзел таксама некаторыя сінадальныя айцы.

Публікацыя выступленняў удзельнікаў не прадугледжана, але за некаторымі публічнымі падзеямі ў рамках ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў можна будзе сачыць з дапамогай тэлетрансляцый, арганізаваных Ватыканскім тэлевізійным цэнтрам. Зала Друку Апостальскай Сталіцы прадставіць для карыстання журналістамі некалькі кампутараў і забяспечыць пакрыццё бесправадным інтэрнэтам.

У якасці эксперыменту, 3 кастрычніка 2014 г., на твітэр-канале @HolySeePress будзе створаны хэштэг #synod14, па якім можна будзе адсочваць актуальную інфармацыю адносна працы асамблеі.








All the contents on this site are copyrighted ©.