Перад Сінодам Біскупаў сустрэнуцца старшыні еўрапейскіх епіскапатаў
За тры дні да Сіноду
Біскупаў на тэму сем’і ў Рыме сустрэнуцца старшыні біскупскіх канферэнцый Еўропы на
сваім штогадовым пленарным пасяджэнні. Яно будзе прысвечана тэме: “Сям’я і будучыня
Еўропы”. На 3 кастрычніка 2014 г. запланавана спатканне з папам Францішкам. Біскупская
нарада пройдзе за зачыненымі дзвярыма і засяродзіцца на праблемах інстытута сям’і
і яго крызісу на кантыненце. У цэнтры дэбатаў будзе навучанне св. Яна Паўла II адносна
сужэнства. У сустрэчы прыме ўдзел таксама прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў,
кардынал Марк Уэле.
Сінод Біскупаў пройдзе з 5 па 19 кастрычніка 2014 г. Як
заяўлялася раней, папа Францішак чакае ў яго рамках адкрытага абмеркавання. Таму біскупы
павінны ў свабоднай форме прадставіць на асамблеі раней падрыхтаваныя выступленні.
Гэта, на думку сакратарыяту Сінода Біскупаў, пакідае месца для больш шырокага абмеркавання,
нават калі час выступленняў кожнага з удзельнікаў будзе абмежаваны да чатырох хвілін.