Святы Пасад адправіў каардынатара ў рэгіён, пацярпелы ад віруса Эбола
Кс. Роберт Віціла,
дэлегат “Caritas Internationalis” ва ўстановах ААН у Жэневе, будзе каардынаваць ад
імя Святога Пасаду дзейнасць каталіцкіх арганізацый у раёнах, пацярпелых ад віруса
Эбола ў Гвінеі, Сьера-Леонэ і Лібэрыі. 26 верасня 2014 г. ён адправіўся ў рэгіён,
дзе распаўсюджваецца эпідэмія гэтага небяспечнага захворвання. Амерыканскі святар,
які з’яўляецца экспертам па крызісных сітуацыях, мае вялікі вопыт у працы на тэрыторыях,
дзе ўзнікаюць крытычныя сітуацыі, што пагражаюць здароўю і жыццю людзей. На працягу
25 гадоў ён вёў каталіцкія праекты дапамогі ахвярам СНІДу.
Мэтай гуманітарнай
працы Касцёла ў Заходняй Афрыцы з’яўляецца інфармаванне мясцовага насельніцтва пра
вірус і магчымасці ахоўных мер супраць яго. Супрацоўнікі “Caritas” і іншых касцёльных
арганізацый наведваюць вёскі і аддаленыя населеныя пункты. Яны спадзяюцца, што ўсведамленне
мясцовым жыхарам магчымасцяў супрацьстаяння смяротнаму вірусу, які сее хаос, дапаможа
ім пазбавіцца страху і ізаляцыі інфіцыраваных людзей. Акрамя таго, гэтыя арганізацыі
атачаюць клопатам сем’і памерлых і тых, хто перажыў заражэнне вірусам.