2014-09-25 12:35:57

Францішак: марнасць – цяжкая духоўная хвароба


RealAudioMP3 Марнасць – гэта спакуса, якая тычыцца не толькі язычнікаў, але і хрысціян, - адзначыў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 25 верасня 2014 г. У сваёй гаміліі Пантыфік пахіліўся над вечнымі словамі з кнігі Эклезіяста: “Марнасць марнасцяў і ўсё марнасць”. Ён нагадаў, што Езус папракаў марных людзей: тых, якія маліліся на вуглах вуліц і насілі цудоўныя вопраткі, накшталт валадароў. Усё гэта марнасць, “калі ты молішся – прасіў Пан, – калі ласка не рабі гэтага навідавоку, маліся патаемна, пайдзі ў свой пакой”, а калі даеш міласціну “не трубі” аб гэтым. “Айцец усё бачыць, і гэтага дастаткова”, - падкрэсліў Францішак. “Хрысціяне, якія жывуць напаказ, дзеля марнасці, нагадваюць паўлінаў”. Многія ганарацца сваяцтвамі з тым ці іншым святаром ці біскупам, але важна іншае: “Як жывеш з Панам? Як молішся? Ці даеш міласціну? Ці наведваеш хворых?”. Менавіта таму, паводле папы Францішка, Езус прасіў вернікаў будаваць сваёй жыццё на скале, якой з’яўляецца праўда, а не на пяску – марнасці.

Святы Айцец выказаў занепакоенасць тым, што многія хрысціяне жывуць верай толькі напаказ: “Іх жыццё нагадвае мыльны пузыр: прыгожы, шматкаляровы, але існуючы толькі секунду”. Сапраўдны супакой, паводле Пантыфіка, можа прынесці чалавеку толькі праўда, і на ёй трэба будававаць сваё жыццё. “Марнасць, гэта вельмі цяжкая духоўная хвароба”, адзначыў ён і заклікаў прасіць у Бога аб дары жыцця ў праўдзе.








All the contents on this site are copyrighted ©.