2014-09-25 11:43:05

Праект рэформы ватыканскіх СМІ будзе падрыхтаваны да наступнай вясны


RealAudioMP3 У працэсе рэфармавання ватыканскіх медыярэсурсаў, разам з увядзеннем сучасных тэхналогій, будуць улічвацца патрабаванні карыстальнікаў традыцыйных СМІ, распавёў лорд Крыстафер Патэн, былы брытанскі палітык і дырэктар “BBC”, цяперашні кіраўнік Камісіі па ватыканскіх СМІ, створанай для падрыхтоўкі праекта іх больш рацыянальнага і эфектыўнага выкарыстання. “Усе мы, як хрысціяне і католікі, усведамляем цудоўнае пасланне Касцёла – пасланне прымірэння, любові, надзеі, духоўнай шчодрасці. Мы адказныя за яго перадачу. Канешне, першымі ў гэтых шэрагах стаяць прафесійныя журналісты і тыя, хто ім дапамагае тут, у Ватыкане”, - адзначыў ён.

Крыстафер Патэн перакананы, што ватыканскія СМІ павінны крочыць у нагу з тэхналагічным прагрэсам, але таксама лічыцца з традыцыйнымі сродкамі камунікацыі. Ён нагадаў, што ў некаторых рэгіёнах свету да сённяшняга дня вялікая колькасць насельніцтва атрымлівае інфармацыю з дапамогай кароткіх радыёхваляў і гэты аспект павінен улічвацца. “Мы павінны гарантаваць, каб цудоўнае евангельскае пасланне, якое Каталіцкі Касцёл можа прапанаваць, перадавалася такім чынам, каб найбольш эфектыўна дасягаць моладзі, бедных і іншых групаў”, - сказаў медыяэксперт у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

Гаворачы пра фінансавы бок рэформы, лорд Патэн адзначыў важнасць рацыянальнага выкарыстання існуючых і далёка небясконцых ватыканскіх рэсурсаў. “Гаворка ідзе пра тое, каб станавіцца больш эфектыўнымі. Няма нічога кепскага ў спробе Касцёла выкарыстоўваць ахвяраванні вернікаў больш эфектыўным чынам”, - падкрэсліў ён.

Крыстафер Патэн плануе прадставіць праект рэформы высокім ватыканскім іерархам да наступнай вясны. Перад гэтым, камісія, якую ён узначальвае, будзе кансультавацца як з прадстаўнікамі ватыканскіх СМІ, так і з адрасатамі іх паслання: епіскапатамі, ватыканістамі, вернікамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.