2014-09-22 12:02:10

Святы Айцец наведаў албанскі каталіцкі цэнтр для дзяцей-сірот


RealAudioMP3 Пантыфік наведаў 21 верасня 2014 г. размешчаны каля Тыраны цэнтр “Бетанія”, які служыць дзецям і падлеткам, што зведалі беднасць, беспрытульнасць, насілле або сіроцтва. Стварыць гэты цэнтр дапамагла 15 гадоў таму італьянка, Антаніна Вітале, а яго праца была б немагчымай без удзелу валанцёраў з Італіі. Папа адзначыў, што такія месцы дапамагаюць умацаванню веры, якая тут становіцца канкрэтнай міласэрнасцю і дабрачыннасцю. Гэта вера можа пераносіць горы абыякавасці, недаверу і апатыі, адкрываць сэрца і рукі, каб рабіць дабро і распаўсюджваць яго. Пантыфік дадаў, што існаванне гэтага Цэнтру таксама дэманструе, што мірнае і братэрскае суіснаванне паміж людзьмі розных этнічных груп і рэлігій магчымае. “Кожная рэлігійная супольнасць выражае сябе праз любоў, а не насілле, не саромеецца дабрыні! Дабрыня дае тым, хто яе ў сабе развівае, спакой сумлення, глыбокую радасць, нават на фоне цяжкасцяў і неразумення. Нават ва ўмовах пастаянных абраз дабрыня з’яўляецца не слабасцю, а рэальнай сілай, здольнай зрачыся помсты”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец адзначыў, што дабрыня – гэта ўзнагарода сама ў сабе, якая набліжае нас да Бога, прымушае нас думаць як Ён, дазваляе нам бачыць рэальнасць нашага жыцця ў святле Яго плану любові да кожнага з нас. “Дабрыня плоціць бясконца больш, чым грошы, якія, наадварот – расчароўваюць, таму што мы былі створаны, каб прыняць любоў Бога і дзяліцца ёй з іншымі, а не вымяраць усё грашыма і ўладай”, - сказаў Папа.

Спасылаючыся на словы прывітання аднаго з маладых людзей з цэнтра “Бетанія”, які сказаў пра валанцёраў, што “ахвяруюць сабой з любові да Езуса і да нас”, Францішак заўважыў, што служэнне братам ператвараецца ў валадаранне з Богам. Хоць многім людзям у пагоні за мірскім багаццем, уладай, забавамі, цяжка гэта зразумець. “Сакрэтам паспяховага жыцця з’яўляецца любоў і дзяленне сабой з любові”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што ў гэтай перспектыве мы бачым, як чалавек можа цалкам рэалізаваць сваю свабоду. “З даверам служыце далей Пану Езусу у бедных і пакінутых. Таксама маліцеся Яму ўвесь час, каб сэрцы і розумы ўсіх былі адкрытыя для дабрыні, актыўнай міласэрнасці, якая з’яўляецца крыніцай сапраўднага і аўтэнтычнага шчасця”, - сказаў папа Францішак, звяртаючыся да супрацоўнікаў дабрачыннай структуры.

Пантыфік падарыў Цэнтру фігуру св. Антонія Падуанскага, яго апекуна, пасля чаго падышоў да заснавальніцы Антаніны Вітале і цёпла абняў яе. Выходзячага з будынка Папу вітаў дзіцячы хор, які праспяваў гімн “Christus vincit”.







All the contents on this site are copyrighted ©.