Папа: Еўропа распасціраецца далёка за межы Еўрапейскага саюзу
Папа Францішак завяршыў
21 верасня 2014 г. свой аднадзённы візіт у албанскую Тырану. Каля 21.00 па мясцовым
часе папскі самалёт прызямліўся ў рымскім аэрапорце “Чампіна”. Падчас пералёту Пантыфік
коратка паразмаўляў з журналістамі, адказваючы на іх пытанні. Ён прызнаўся, што адкрыў
для сябе албанцаў з іншага боку – яны не проста талерантны народ, яны па-сапраўднаму
людзі братэрскія. Уразіла Папу і мясцовая моладзь. Ён сапраўды адчуў, што Албанія
– гэта самая маладая краіна ў Еўропе. Калі Францішка спыталі пра мэты яго пілігрымкі
ў краіну, ён адзначыў, што хацеў падтрымаць мясцовых вернікаў у іх надзеі. Папа дадаў,
што ідэя гэтага візіту выходзіць далёка за межы Албаніі і адносіцца да ўсіх краін
у аналагічнай сітуацыі, а таксама Еўропы, тым больш, што Албанія з’яўляецца мусульманскай,
але еўрапейскай краінай.
Францішак назваў выбар Албаніі ў якасці мэты свайго
першага “еўрапейскага” падарожжа “сігналам”, што Еўропа распасціраецца далёка за межы
Еўрапейскага саюзу, хоць у апошні час гэта чамусцьці сталі амаль сінонімы. Гэта таксама
напамін аб тым, што ў Еўропы таксама ёсць свае перыферыі, аб якіх не варта забывацца
“магутным” гэтага свету.
Пантыфік не хаваў сваіх эмоцый адносна пачутых сведчанняў
святара і законніцы – мучанікаў албанскага камуністычнага рэжыму. “Калі слухаеш кагосьці,
хто кажа пра сваё мучаніцтва з усёй натуральнасцю і пакорай, як быццам распавядае
пра жыццё кагосьці іншага, гэта вельмі моцнае ўражанне”, - прызнаўся Францішак.
Не
прагучала адказу на пытанне аб Сінодзе на тэму сям’і. Папа адзначыў, што хоча, каб
СМІ ў гэтыя дні гаварылі аб Албаніі, а не аб Сінодзе. Ён пацвердзіў, што 25 лістапада
2014 г. наведае Страсбург, у тым ліку штаб-кватэру Еўрапейскага парламента і Савета
Еўропы і, магчыма, 28 лістапада пачне візіт у Турцыю. На сцвярджэнне, што гэта апошняя
краіна знаходзіцца занадта блізка да Іраку, заявіў, што змена геаграфіі не ў яго сілах.