2014-09-21 16:24:41

Пантыфік: сапраўдная свабода релігіі ніколі не паддаецца спакусам нецярпімасці і сектанцтва


RealAudioMP3 “Вы добра ведаеце, да якіх зверстваў можа прывесці пазбаўленне свабоды сумлення і рэлігіі, і, як з такой раны нараджаецца чалавецтва цалкам беднае, без надзеі і ідэйных спасылак”, - з такімі словамі звярнуўся папа Францішак 21 верасня 2014 г. у Тыране да прадстаўнікоў шасці буйных рэлігій і веравызнанняў, прысутных у Албаніі. “Але сапраўдная рэлігійная свабода ніколі не паддаецца спакусам нецярпімасці і сектанцтва; яна фарміруе базу для лаяльнага і канструктыўнага дыялогу”, - дадаў Святы Айцец. Ён падкрэсліў, што не можна не прызнаць таго, што неталерантнасць адносна тых, хто мае адрозныя ад нас рэлігійныя перакананні, з’яўляецца падступным ворагам, які, на жаль, праяўляецца сёння ў розных рэгіёнах свету. “Сапраўдная рэлігія з’яўляецца крыніцай міру, а не насілля! Ніхто не можа выкарыстоўваць імя Бога для здзяйснення актаў насілля! Забойства ў імя Бога з’яўляецца сапраўдным святатацтвам! Дыскрымінацыя​ ў імя Бога – гэта нешта страшнае!”, - сказаў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што рэлігійная свабода “не з’яўляецца правам, якое можа быць гарантавана выключна існуючай прававой сістэмай, хоць гэта і неабходна” – “гэта агульная прастора”, “асяроддзе павагі і супрацоўніцтва”, якое трэба ствараць з удзелам усіх, у тым ліку і тых, хто не мае рэлігійных перакананняў. Тут, на думку Папы, важныя два падыходы: успрыманне кожнага не як суперніка, але як брата і сястру, а таксама прыхільнасць да агульнага дабра. “Чым больш мы служым іншым, тым больш мы вольныя!”, - падкрэсліў Святы Айцец і дадаў, што гаворка тут можа ісці пра супольную дапамогу бедным.

Пантыфік заклікаў сабраных у каталіцкім універсітэце Тыраны “захоўваць і развіваць традыцыі добрых адносін паміж рэлігійнымі супольнасцямі ў Албаніі” і “адчуваць сябе аб’яднанымі на службе любімай Радзіме”. Францішак папрасіў прадстаўнікоў рэлігій і веравызнанняў маліцца за яго.







All the contents on this site are copyrighted ©.