2014-09-20 12:59:00

Папа шкадуе, што кітайскія біскупы не могуць свабодна прыехаць у Ватыкан


RealAudioMP3 Пантыфік заклікаў біскупаў паставіць жыццё і служэнне на службе “місійнаму навяртанню”, якога сёння чакае Божы народ і ў цэнтры якога знаходзіцца “місійнае служэнне Касцёла чалавецтву” па прыкладзе Хрыста, Які абмыў ногі сваім вучням. Касцёл пакліканы скарачаць адлегласць паміж людзьмі, выдаляць прыніжэнне, прымаць чалавечае жыццё, і таму “мае патрэбу ў пастырах, якія ведаюць, як стаць на калені перад іншымі, каб абмыць ім ногі”, адзначыў Святы Айцец Францішак. Ён сустрэўся 20 верасня 2014 г. у Ватыкане з біскупамі, якія ўдзельнічалі ў рымскім семінары, арганізаваным Кангрэгацыяй Евангелізацыі Народаў. Паводле Папы, сёння біскуп павінен быць “побач з людзьмі”, адзначацца айцоўствам і лагоднасцю, цярплівасцю і міласэрнасцю, беднасцю, прастатой і аскетызмам. “Будзьце ўважлівымі да вашых святароў, клапаціцеся пра кансэкраванае жыццё, любіце бедных”, - заклікаў Пантыфік іерархаў.

Францішак прызнаўся, што яго мара, каб кітайскія біскупы, якія атрымалі пасвячэнне ў апошнія гады, прысутнічалі на такіх сустрэчах. Хоць гэта пакуль не магчыма, “у глыбіні душы” Пантыфік спадзяецца, “што не за гарамі той дзень”. Ён запэўніў кітайскіх біскупаў у сваёй салідарнасці і папрасіў іх не адчуваць сябе пакінутымі і адзінокімі.

Папа нагадаў, што Касцёл прабывае ў гэтыя дні ў фазе падрыхтоўкі да Сіноду Біскупаў на тэму сям’і, і папрасіў іерархаў аб малітве ў гэтай інтэнцыі. “Сем’і з’яўляюцца асновай у справе евангелізацыі, з сваёй адукацыйнай місіяй і актыўным удзелам у жыцці парафіяльнай супольнасці”, - сказаў Святы Айцец. Ён заклікаў біскупаў “спрыяць душпастырству сем’яў, уважліва ставіцца да іх, суправаджаць і навучаць, дзякуючы чаму яны зробяць свой лепшы ўклад у жыццё Касцёла і грамадства”.







All the contents on this site are copyrighted ©.