2014-09-18 10:06:01

Святы Пасад працуе на карысць абароны непаўналетніх


RealAudioMP3 Папская камісія па абароне непаўналетніх правядзе сваю трэцюю нараду ў Рыме 4 і 5 кастрычніка 2014 г. На ёй размова пойдзе пра статут і функцыянаванне Камісіі і прызначэнне дадатковых членаў, паведаміў афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду кс. Фэдэрыка Ламбардзі 17 верасня 2014 г. Папа Францішак стварыў Камісію па абароне непаўналетніх у сакавіку 2014 г. для распрацоўкі больш эфектыўных мер па барацьбе сексуальным насіллем у Касцёле. Яе ўзначаліў арцыбіскуп Бостана, кардынал Шон О’Мэлі, сакратаром некалькі дзён таму быў прызначаны паходзячы з ЗША кс. Роберт Олівер.

У склад Камісіі на сённяшні дзень уваходзяць 5 свецкіх асоб і 3 прадстаўнікі духавенства – эксперты ў галіне псіхалогіі, права, тэалогіі, этыкі, камунікацыі і іншых навук. Падчас мінулых пасяджэнняў яны сустракаліся з супрацоўнікамі розных ватыканскіх дыкастэрый і структур: ад Дзяржсакратарыяту і Кангрэгацыі Веравучэння да Ватыканскай жандармерыі.

Раней адзначалася, што камісія будзе займацца не разглядам асобных выпадкаў сексуальных злоўжыванняў, але распрацоўкай дырэктыў для гарантавання бяспекі непаўналетніх. Яна будзе прапанаваць магчымыя шляхі звароту ўвагі на праблемы сексуальных злоўжыванняў і наступстваў, выкліканых недахопам увагі, не выяўлення падазраваных у злачынствах і адсутнасцю клопату аб ахвярах і іх сем’ях.







All the contents on this site are copyrighted ©.