2014-09-18 10:45:34

Ватыканская дыпламатыя нагадала ў ААН пра правы карэнных народаў


RealAudioMP3 Сацыяльныя, асабістыя і духоўныя патрэбы 370 мільёнаў прадстаўнікоў карэнных народаў у 90 краінах ва ўсіх рэгіёнах свету здаўна хвалююць Святы Пасад, падкрэсліў падчас 27-й сесіі Савета па правах чалавека ААН арцыбіскуп Сільвана Тамазі. Ватыканскі дыпламат 17 верасня 2014 г. у Нью-Ёрку нагадаў меркаванне Апостальскай Сталіцы, што усе магчымыя міжнародныя ініцыятывы павінны быць натхнёныя прынцыпам павагі да самабытнасці і культуры карэнных супольнасцяў, улічваць іх традыцыі, вераванні і здольнасць вырашаць самастойна свой лёс у супрацоўніцтве з нацыянальнымі ўладамі.

У той жа час, правы чалавека і асноўныя свабоды карэнных народаў на жаль працягваюць парушацца, адзначыў прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН, у тым ліку шляхам сістэмнай дыскрымінацыі і адчужэння ад палітычнай і эканамічнай улады, адсутнасці належнага доступу да правасуддзя і адукацыі, праз войны і экалагічныя катастрофы. Больш за тое, часта абаронцы правоў карэннага насельніцтва падвяргаюцца пераследу і рэпрэсіям. Арцыбіскуп Тамазі нагадаў пра негатыўныя і разбуральныя наступствы для карэнных народаў дзейнасці транснацыянальных карпарацый, перш за ўсё, у здабываючых галінах.

Іерарх звярнуў таксама ўвагу на пытанне абароны інтэлектуальнай уласнасці на культурную і фальклорную спадчыну карэннага насельніцтва.

Прадстаўнік Святога Пасаду прапанаваў прамое ўключэнне карэннага насельніцтва “у працэсы прыняцця рашэнняў, звязаных з кіраваннем прыроднымі рэсурсамі на іх тэрыторыі”, “ліквідацыю любых спроб яго маргіналізацыі”, гарантаванне “яго законных патрабаванняў у сацыяльнай і культурнай сферах, галіне аховы здароўя”, “прымірэнне паміж карэннымі народамі і супольнасцямі, у якіх яны жывуць”.







All the contents on this site are copyrighted ©.