2014-09-16 13:33:23

Новыя прызначэнні ў Інстытуце рэлігійных спраў


RealAudioMP3 Назіральная рада Інстытута рэлігійных спраў, шырока вядомага як “Ватыканскі банк”, папоўнілася двума новымі членамі. Імі сталі чылійскі эканаміст Маўрысіа Лараін і італьянскі банкір Карла Сальваторы. Рашэнне аб новых прызначэннях было прынята 16 верасня 2014 г. папскай кардынальскай радай па кантролі за гэтым фінансавым органам Апостальскай Сталіцы. Яе старшыня, кардынал Сантас Абрыл і Кастэла, адзначыў, што два новапрызначаныя члены Назіральнай рады дапамогуць дасягненню мэтаў пастаўленых перад Інстытутам рэлігійных спраў папам Францішкам, дзякуючы свайму агульнапрызнанаму досведу працы ў фінансавай сферы і глабальнаму разуменню праблем.

Такім чынам, паводле кардынала, на сённяшні дзень усе пасады ў Назіральнай радзе Інстытута рэлігійных спраў заняты. Яшчэ ў ліпені 2014 г. у яе склад увайшлі тры свецкія эксперты з Германіі, ЗША і Вялікабрытаніі, кіраўнік Ватыканскага банка Жан-Батыст дэ Франсю, а таксама арцыбіскуп Альфрэд Хуэрэб, Генеральны сакратар Рады па эканамічных пытаннях Апостальскай Сталіцы, у якасці сакратара без права голасу.

Назіральная рада Інстытута рэлігійных спраў, паводле Статута ад 1990 г., вызначае стратэгію і ажыцяўляе кантроль за аперацыямі. Яе члены займаюць пасады на працягу пяцігадовага тэрміну.








All the contents on this site are copyrighted ©.