2014-09-15 16:17:07

“Саritas Internationalis” абмяркоўвае сваю дзейнасць на Блізкім Усходзе


RealAudioMP3 Крызіс у Сірыі, Іраку і Сектары Газа – галоўная тэма пасяджэння каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Caritas Internationalis”, якое 15-17 верасня 2014 г. праходзіць у Рыме. На ім, кіраўнікі мясцовых аддзяленняў “Caritas” і міжнародныя партнёры арганізацыі, супольна абмяркоўваюць магчымасці аказання дапамогі насельніцтву рэгіёна, які на працягу доўгага часу ахоплены разбуральнымі канфліктамі. Толькі за апошнія тры гады “Caritas” аказаў падтрымку амаль 1 млн. жыхароў Сірыі, Іраку і Сектару Газа, праз забеспячэнне жыллём, медыцынскай дапамогай, ежай, адукацыяй.

Адкрыў пасяджэнне форуму старшыня “Caritas Internationalis”, гандураскі кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга. Пурпурат назваў цяперашні крызіс на Блізкім Усходзе адным з самых буйных за апошнія дзесяцігоддзі. “Як частка гуманітарнай супольнасці, мы маем справу з самым вялікімі крызісам, які свет бачыў з часоў ІІ Сусветнай вайны”, - сказаў ён. Страшным рэхай тагачаснага канфлікту, на яго думку, з’яўляецца практыка асаблівага пазначэння дамоў хрысціян у іракскім Масуле, да якой прыбягаюць джыхадзісты з мэтай ідэнтыфікацыі і знішчэння веруючых у Хрыста.

Кардынал Марадзьяга выказаў перакананасць, што стварэнне ваеннага альянса, для буйнога бамбардавання тэрыторый Сірыі і Іраку, не прывядзе да добрых вынікаў і нагадаў словы папы Францішка пра неабходнасць дыялогу, сустрэчы і шчырага пошуку праўды. Акрамя таго, ён заклікаў мабілізаваць усе сілы для аказання гуманітарнай дапамогі пакутуючым народам і салідарнасці паміж дзяржавамі менавіта ў гэтай сферы.








All the contents on this site are copyrighted ©.