2014-09-11 15:16:55

Прайшла сустрэча прадстаўнікоў Святога Пасаду і В’етнама


RealAudioMP3 10-11 верасня 2014 г. у Ханоі адбылася чарговая, пятая працоўная сустрэча паміж прадстаўнікамі Апостальскай Сталіцы і В’етнама. Дэлегацыя Святога Пасаду ацаніла падтрымку аказаную на ўсіх узроўнях кампетэнтным органам Каталіцкага Касцёла ў В’етнаме ў выкананні яго місіі, гаворыцца ў паведамленні апублікаваным па выніках сустрэчы. Акрамя таго, былі адзначаны змены ў рэлігійнай палітыцы дзяржавы, зацверджаныя ў канстытуцыйных папраўках 2013 г. В’етнамская дзяржава спрасціла візіты ў краіну Папскага прадстаўніка, арцыбіскупа Леапольда Джырэлі, адзначаецца ў дакуменце.

Апостальская Сталіца, са свайго боку, зноў пацвердзіла гатоўнасць спрыяць устанаўленню дыпламатычных адносінаў з В’етнамам, і разам з мясцовым Касцёлам, жадае садзейнічаць актыўнаму развіццю сфераў аховы здароўя, адукацыі, дабрачыннасці. В’етнамскі бок выказаўся на карысць абароны рэлігійнай свабоды грамадзян і падтрымцы дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны.

Адзначаецца таксама, што папа Францішак з цікавасцю назірае за развіццём адносін паміж Апостальскай Сталіцай і В’етнамам і заклікае мясцовых католікаў надалей спрыяць найвышэшым мэтам дзяржавы. Бакі дамовіліся працягваць дыялог і кантакты, ствараючы, з часам, спрыяльныя ўмовы для місіі Папскага прадстаўніка.

Наступная, шостая сустрэча прадстаўнікоў Апостальскай Сталіцы і В’етнама пройдзе ў Ватыкане. Час яе правядзення будзе ўстаноўлены па дыпламатычных каналах.








All the contents on this site are copyrighted ©.