2014-09-11 11:48:21

Папа: патрабаванне любові да ворагаў пужае, але аб гэтым просіць Езус


RealAudioMP3 Патрабаванне любові да ворагаў пужае, але аб гэтым просіць Езус, сказаў папа Францішак у сваёй гаміліі падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 11 верасня 2014 г. “Любіце сваіх ворагаў” – над гэтымі словамі Хрыста пахіліўся Пантыфік. Езус просіць “не адкідаць” нікога – “даць усяго сябе, даць сваё сэрца, менавіта тым, якія нас ненавідзяць, чыняць нам зло, ворагам”, нагадаў Папа. У гэтым, на яго думку, навізна Евангелля – навізна, якую складана зразумець. “Ойча, але я адчуваю, што не змагу так!” – “Калі адчуваеш, то гэта твая праблема, але хрысціянскі шлях менавіта такі!”. Гэта шлях, якому нас вучыць Езус”, - сказаў папа Францішак. Ён патлумачыў, што хрысціянскае жыццё “не самадастатковае” – яго сэнс заключаецца ў тым, каб выйсці з закрытасці ў сябе і жыць любоўю, падарыць жыццё іншым. Каментуючы літургічны евангельскі фрагмент Святы Айцец адзначыў, што Езус просіць сваіх вучняў быць міласэрнымі і не судзіць іншых. Часта “здаецца, што мы былі прызначаны судзямі для іншых: пляткарым, нагаворваем, асуджаем”. Але Пан нам кажа: “Не судзіце, і не будуць судзіць вас. Не асуджайце, і не будуць асуджаць вас”. “Кожны дзень, калі молімся “Ойча наш” мы кажам: “Прабач нам, як і мы прабачаем”. Калі я не прабачаю, як магу пытацца ў Айца: “Прабачыш мяне?”, - заўважыў Пантыфік.

Паводле Папы многім гэта можа падавацца "глупствам", якое не мае нічога супольнага з мудрасцю гэтага свету. “Ойча, але быць хрысціянінам, гэта значыць быць неразумным, у пэўным сэнсе?” – “Так! У пэўным сэнсе, так. Гэта значыць адмовіцца ад хітрасці гэтага свету і рабіць усё тое, аб чым Езус просіць”, - сказаў Францішак. “Гэта шлях Езуса – вялікадушнасць, шчодрасць: даць усяго сябе, без меры”, - падкрэсліў ён.

“Быць хрысціянінам нялёгка”, заўважыў Пантыфік і дадаў, што вучнем Хрыста немагчыма стаць толькі дзякуючы ласцы Божай: неабходны таксама і ўласныя намаганні. На заканчэнне сваёй гаміліі Святы Айцец заклікаў вернікаў прасіць Бога аб дары разумення таго, што значыць на самой справе быць хрысціянінам.








All the contents on this site are copyrighted ©.