2014-09-10 13:32:00

Сярод экспертаў будучага Сінода – італьянская сужэнская пара


RealAudioMP3 Франка і Джузэпіна Міяна – сужэнцы і бацькі, якія выступяць на ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў у якасці экспертаў, перакананы, што форум стане цудоўнай магчымасцю для разважання пра тое, што знаходзіцца ў сэрцы кожнага хрысціяніна і Касцёла – праблемы сям’і ў сённяшнім свеце. Абодва сужэнцы – італьянцы. Яны займаюцца выкладчыцкай дзейнасцю ў вышэйшых навучальных установах. Франка Міяна – былы кіраўнік руху “Каталіцкая акцыя” у Італіі. Яго жонка, Джузэпіна – прафесар тэалогіі ў адным з універсітэтаў Неапаля. “Мы пераканыны ў важнасці апавядання пра тое, што сям’я – гэта перад усім прыгажосць, любоў і радасць; але таксама складанасці, цяжкасці, якія можна ўспрымаць пазітыўна, з увагай. Перш за ўсё трэба казаць пра магчымасць існавання прыгожага сямейнага жыцця: гэта тое, што мы павінны рабіць, што павінны даць новым пакаленням. У пэўным сэнсе гэта наш абавязак”, лічыць Франка Міяна.

На думку яго жонкі, Джузэпіны, прысутнасць сужэнскіх пар на Сіноде з’яўляецца каштоўнай, таму што “калі размова ідзе пра сям’ю – гаворка не ідзе пра нешта абстрактнае, але пра жыццёвую рэальнасць, адносіны, у якія глыбока ўваходзіць досвед, з якога складаецца чалавечае жыццё”.

Сужонкі выказалі спадзяванне, што Сінод Біскупаў стане “цудоўнай магчымасцю, асветленай Духам”, падчас якой будуць уважліва выслуханы сведчанні аб рэальнасці сямейнага жыцця і гэта дапаможа Касцёлу быць побач з людзьмі, “весці іх на сустрэчу з Панам, які змяняе жыццё, робіць яго прыгожым і ззяючым, а таксама вызваляе лепшы чалавечы патэнцыял”.

Акрамя Франка і Джузэпіны Міяна, у Сінодзе Біскупаў прымуць удзел яшчэ 13 сужэнскіх пар, але, не ў якасці экспертаў, а аўдытараў – гэта значыць з правам выступлення, але без права голасу падчас галасаванняў.








All the contents on this site are copyrighted ©.