2014-09-10 12:47:11

Пантыфік прывітаў ініцыятывы па абароне экалогіі Амазоніі


RealAudioMP3 Папа Францішак прывітаў удзельнікаў сустрэчы “Касцёльнай Пан-Амазонскай сеткі” (REPAM) – ініцыятывы ўзнікшай у Лацінскай Амерыцы ў якасці адказу на экалагічныя і сацыяльныя праблемы ў басейне ракі Амазонкі. Натхненнем для стварэння сеткі стаў заклік папы Францішка да салідарнасці і ўвагі да праблем экалогіі ў рэгіёне, змешчаны ў адгартацыі “Evangelii Gaudium”. Форум пад назвай “Пан-Амазонія: лёгкія планеты”, праходзіць 8-13 верасня 2014 г. у Бразіліі, па ініцыятыве мясцовага епіскапату і дэпартамента па пытаннях справядлівасці і салідарнасці Рады біскупскіх Канферэнцый краін Лацінскай Амерыкі. Сярод тэмаў, якія будуць абмяркоўвацца на ім: абарона жыцця ў Амазоніі, касцёльная місія на карысць бедных і маргіналізаваных, праблемы навакольнага асяродзя, а таксама абароны індзейскага і афра-амерыканскага насельніцтва. Мэта сустрэчы – умацаваць супрацоўніцтва ў душпастырскай дзейнасці і вылучыцца з ініцыятывамі на карысць аховы прыроднай спадчыны Амазоніі.

Папа Францішак пажадаў поспеху ініцыятыве “радуючыся адказу на свой заклік аб стварэнні гэтай, настолькі іннавацыйнай, сеткі, канкрэтнай мэтай якой з’яўляецца вырашэнне экалагічных праблем Амазоніі”, - гаворыцца ў пасланні падпісаным кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам. Пурпурат выказаў перакананасць, што дзякуючы сетцы – якая павінна быць сеткай людзей, а не правадоў – хрысціянскае сведчанне зможа дасягнуць экзістэнцыяльных чалавечых перыферый, дазваляючы плённаму хрысціянскаму зачыну развіваць жывыя культуры Амазоніі і іх каштоўнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.