2014-09-06 14:31:40

Папа да кубінскіх вернікаў: Марыя заклікае не баяцца адказнасці на ўсё жыццё


RealAudioMP3 “Марыя пашырае душу тых, хто з пабожнасцю просіць яе, каб вяла да Езуса”, напісаў папа Францішак у пасланні да Касцёла на Кубе з нагоды свята Маці Божай Міласэрнасці з Эль-Кобрэ, апякункі вострава, якое будзе адзначацца 8 верасня 2014 г. Пантыфік нагадаў, што копія шырокавядомай і шанаванай кубінцамі статуэткі Панны Марыі, была нядаўна ўстаноўлена ў Ватыканскіх садах. “Кожны раз, калі чытаю Святое Пісанне, у фрагментах, апавядаючых пра Маці Божую, я звяртаю ўвагу на тры словы. Хачу спыніцца на іх, каб запрасіць душпастыраў і вернікаў Кубы, спаўняць іх на практыцы”, - адзначыў Папа. У першую чаргу, Францішак заклікаў “радавацца”. Менавіта гэта было першае слова, якое Панна Марыя пачула ад арханёла Габрыэля. “Жыццё таго, хто адкрыў для сябе Езуса напаўняецца вельмі вялікай унутранай радасцю, якую ніхто не можа скрасці. Хрыстус дае сваім сілу, неабходную для таго, каб не сумаваць і не трапляць у роспач, думаючы што праблемы не маюць вырашэння”, - напісаў Святы Айцец.

Наступны заклік Пантыфіка – “узняцца” – нагадаў пра Марыю, якая пачуўшы словы арханёла, сабралася і паспяшыла да сваёй сваячкі Альжбеты. “Яна выканала волю Божую аддаўшы сябе ў распараджэнне таму, хто меў патрэбу. Не думала пра саму сябе, прайшла над цяжкасцямі і падарыла сябе іншым. Перамога належа тым, хто паўстае раз за разам, не трапляючы ў адчай. Наследуючы прыклад Марыі мы не можам заставацца з апушчанымі рукамі, плачучы, ці магчыма, скідаючы з сябе цяжар, каб іншыя выконвалі тое, што належыць да нашай адказнасці. Гаворка не ідзе пра вялікія рэчы, але пра тое, каб рабіць усё з пяшчотнасцю і міласэрнасцю”, - адзначыў Францішак.

Нарэшце, Папа заклікаў кубінскіх вернікаў да “пастаянства”. Ён нагадаў, што Панна Марыя да канца заставалася са сваім Сынам, які быў пакінуты амаль усімі. “Таксама і мы пакліканы заставацца ў любові Божай і ў любові да іншых. У гэтым свеце, у якім выкідаюцца прэч вечныя каштоўнасці і ўсё змяняецца, у якім трыўмфуе прынцып “выкарыстай і выкінь”, у якім здаецца, прысутнічае страх перад адказнасцю на ўсё жыццё, Панна нас натхняе быць людзьмі пастаяннымі ў дабры, якія трымаюць слова і заўсёды верныя”, - напісаў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.