Арцыбіскуп Тамазі: змешваць рэлігію, палітыку і вайсковую дзейнасць – неправільна
Прапанова былога Прэзідэнта
Ізраіля Шымона Перэса, аб стварэнні “Арганізацыі Аб’яднаных Рэлігій” на чале з папам
Францішкам, сведчыць пра тое, што Пантыфік успымаецца не толькі ў якасці лідэра Каталіцкага
Касцёла, але таксама ў якасці сімвалу рэлігіі ў сучасным свеце і “штандару” усяго
таго добрага, што рэлігія павінна несці ў свет. Такое меркаванне выказаў пастаянны
назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН арцыбіскуп Сільвана Тамазі ў інтэрв’ю італьянскаму
выданню “Famiglia Cristiana”. На думку дыпламата, прапанова былога ізраільскага лідэра
– гэта прызнанне глабальнага служэння, якое Папа ажыцяўляе сёння, перад абліччам шматлікіх
канфліктаў і войнаў, трываючых у розных частках планеты.
“Неабходна ўсведамляць,
што сёння войны вядуцца не краінамі, а недзяржаўнымі групамі. Гэты крызіс насілля,
гэтыя палаючыя ачагі ў розных кутках свету, ставяць у адзін бок – афіцыйныя ўрады,
а ў іншы, гэтыя групы, якія змагаюцца, як супраць афіцыйных урадаў, так і паміж сабой.
Гэты феномен – новы, і міжнародная супольнасць павінна паставіцца да яго сур’ёзна,
аналізуючы магчымасці супрацьстаяння яму. Наконт гэтага Святы Айцец выказаўся, апавядаючы
пра “сусветную вайну па частках” – гэта значыць ён усвядоміў дадзеную перамену: розныя
групы спрабуюць дасягнуць сваіх мэтаў не столькі праз перамовы і дыялог, колькі праз
сілу”, - сказаў арцыбіскуп Тамазі. На думку ватыканскага дыпламата, у дадзеным кантэксце
часта выкарыстоўваецца рэлігійны фактар, а з дапамогай псеўдарэлігійнай ідэалогіі
адбываецца здабыццё палітычнай і эканамічнай улады.
Прадстаўнік Апостальскай
Сталіцы пра ААН таксама заўважыў, што ў сённяшнім свеце важна захоўваць раўнавагу
ў адносінах паміж рэлігіяй і палітыкай, бо інакш узнікае рызыка такога змяшэння, ад
якога будзе яшчэ больш шкоды. Дыпламат прызнаў, што ААН мае свае абмежаванні і важным
з’яўляецца правядзенне рэформы, якая зробіць гэты міжнародны орган больш эфектыўным.
Гаворка пра гэта ідзе ўжо на працягу доўгага часу, падкрэсліў ён. Але адначасова,
змешваць у адно рэлігію і палітыку, на яго думку, гэта пройдзены гістарычны этап.
“Важна, каб розныя рэлігіі размаўлялі паміж сабой і вялі дыялог ў поўнай свабодзе
і незалежнасці, дзеля сумеснай працы на карысць стварэння такой ментальнасці ў сучасным
свеце, якая прывядзе да будавання агульнай пазітыўнай і салідарнай будучыні чалавечай
сям’і. Але змешваць рэлігію, палітыку і вайсковую дзейнасць, на маю думку – неправільны
шлях. У канцы канцоў, місія рэлігіі адрозніваецца ад, няхай і шляхетнага, палітычнага
служэння. Яна павінна заўсёды заставацца адкрытым, свабодным, дабраахвотным пасланнем,
у якім перакананасць у праўдзе прыводзіць да добрых адносін да сябе і да іншых”, -
сказаў дыпламат.