2014-09-05 16:40:02

“Хрысціянін і права”. Эўхарыстыя (І)


Сёння мы пачнём гаворку, як заўсёды, з пункту гледжання касцёльнага права, аб сакрамэнце Найсвяцейшай Эўхарыстыі. 897-ы канон нагадвае нам, што найвялікшым Сакрамэнтам хрысціянства з’яўляецца менавіта Найсвяцейшая Эўхарыстыя, у якой сам Хрыстус Пан існуе, ахвяруецца і спажываецца і дзякуючы якой пастаянна жыве і ўзрастае Касцёл. Эўхарыстычная ахвяра, успамін смерці і ўваскрасення Пана, у якім увекавечваецца ахвяра Крыжа – гэта кульмінацыя і крыніца ўсяго культа і хрысціянскага жыцця, праз яе абазначаецца і ажыццяўляецца адзінства Божага Народа і будаванне Хрыстовага Цела. Усе ж іншыя сакрамэнты і ўсе касцёльныя апостальскія справы звязаны з Найсвяцейшай Эўхарыстыяй і накіраваныя на яе. Менавіта таму вернікі павінны з найбольшай пашанай адносіцца да Найсвяцейшай Эўхарыстыі, прымаючы актыўны ўдзел у цэлебрацыі найвялікшай Ахвяры, як мага больш пабожна і часта прымаючы гэты сакрамэнт, і адаруючы яго з найвялікшай пашанай.

Падчас Астатняй Вячэры Хрыстус даў апосталам наказ здзяйсняць Найсвяцейшую Эўхарыстыю, і з таго часу біскупы, як наступнікі Апосталаў, і святары ва ўсім свеце здзяйсняюць гэты наказ Хрыста. Таму натуральна, што распарадчыкам, які ў асобе Хрыста можа здзяйсняць Сакрамэнт Эўхарыстыі, з’яўляецца святар і толькі святар, пасвечаны сапраўдным чынам. Такім чынам можна сказаць, што сапраўднасць Эўхарыстыі залежыць ад сапраўднасці святарскага пасвячэння. Менавіта здзяйсняць Найсвяцейшую Эўхарыстыю – гэта першы і галоўны абавязак святара, для якога ён пасвячаецца. Таму, у тых хрысціянскіх супольнасцях (якія з’яўляюцца Касцёламі), дзе ёсць сапраўднае святарства, ёсць таксама і сапраўдная Эўхарыстыя (тыповы прыклад – гэта праваслаўныя цэрквы, дзе ёсць сапраўднае святарства і сапраўдная эўхарыстыя), а там, дзе няма святарства, там няма Эўхарыстыі і такія супольнасці мы не называем Касцёламі, і такімі з’яўляецца большасць пратэстанцкіх хрысціянскіх супольнасцяў.

У практыцы Касцёла на працягу стагоддзяў склалася традыцыя ахвяравання святой Імшы ў пэўнай інтэнцыі. У рамках нашай перадачы я не магу падрабязна разабраць гэтае пытанне, але 901-ы канон кодэксу гаворыць выразна, што святар мае поўнае права служыць Імшу за ўсіх, як за жывых, так і за памерлых. І аб гэтым важна памятаць, што Святыя Імшы варта ахвяроўваць не толькі за памерлых, што вельмі важна, але таксама і за тых, хто жыве на гэтым свеце. Агульнае правіла такое, што інтэнцыя Святой Імшы павінна быць аб’ектыўна добрай, гэта значыць, можна папрасіць святара памаліцца аб здароўі, Божым благаслаўленні, аб вечным збаўленні для чалавека, але нельга маліцца аб тым, каб з чалавекам здарылася нешта дрэннае. Наогул, амаль ніякіх абмежаванняў, у якія дні можна маліцца за жывых ці за памерлых, але часамі ў некаторых парафіях з душпастырскіх меркаванняў святары ўводзяць пэўныя абмежаванні.

Існуе такое паняцце як канцэлебрацыя Святой Імшы – гэта значыць, калі разам служаць Найсвяцейшую Эўхарыстыю некалькі святароў або святары са сваім біскупам. У сярэднявеччы канцэлебрацыя была распаўсюджана, але ад часоў Трыдэнцкага Сабора (1563 г.) аж да Другога Ватыканскага Сабора яна не ўжывалася за вельмі рэдкімі выключэннямі. Толькі пасля рэформы Другога Ватыканскага Сабора гэта практыка, якая паказвае адзінства святарства і адзінства святароў са сваім біскупам, была нанова ўведзена ў практыку Касцёла.

904-ы канон гаворыць, што святары, памятаючы заўсёды аб тым, што ў таямніцы Эўхарыстычнай Ахвяры пастаянна ажыццяўляецца справа збаўлення, павінны часта цэлебраваць; больш таго, ім настойліва рэкамендуецца штодзённая цэлебрацыя, нават у тым выпадку, калі немагчыма забяспечыць прысутнасць вернікаў, бо Эўхарыстыя з’яўляецца актам Хрыста і Касцёла, у ажыццяўленні якога святары выконваюць свой галоўны абавязак. Таму здараюцца сітуацыі, калі святар цэлебруе Святую Імшу адзін, а можа нават будучы хворым ці ў нейкіх іншых выпадках цэлебруе яе нават не ў касцёле ці капліцы, а нават у іншым месцы, але заўсёды Святая Імша – гэта публічны акт Хрыста і Касцёла.

Але з іншага боку, нягледзячы на тое, што найстойліва рэкамендуецца, частая, а найлепш штодзённая цэлебрацыя, за выключэннем выпадкаў, у якіх паводле нормаў права дазваляецца некалькі разоў у дзень цэлебраваць або канцэлебраваць Эўхарыстыю, святару не дазваляецца цэлебраваць яе больш аднаго разу ў дзень. Якія гэта выпадкі, калі можна цэлебраваць некалькі разоў? У дзень Божага Нараджэння і ў Дзень задушны (25 снежня і 2 лістапада) кожны святар можа цэлебраваць тры Святыя Імшы, у Вялікі Чацвер – дзве – Святая Імша Хрызма з біскупам і Імша Вячэры Пана. Апрача гэтага, калі не хапае святароў ардынарый месца можа дазволіць, каб святар, па справядлівай прычыне, два разы, а пры наяўнасці пастырскай неабходнасці нават тры разы ў нядзелю і прадпісаныя святы цэлебраваў Эўхарыстыю. Але такой пастырскай неабходнасцю не з’яўляецца наяўнасць інтэнцый. Калі сітуацыя складваецца так, што святар павінен цэлебраваць большую колькасць Святых Імшаў пастаянна, патрэбны на гэта спецыяльны дазвол Апостальскага Пасада. Бо ўсё ж такі заўсёды трэба памятаць, што Найсвяцейшая Эўхарыстыя – гэта найсвяцейшы Божы дар, і адпаведным чынам да гэтага адносіцца.

Паважаныя радыёслухачы! У наступнай нашай перадачы мы працягнем нашыя разважанні аб Найсвяцейшай Эўхарыстыі. А на сёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!








All the contents on this site are copyrighted ©.