2014-09-05 16:45:48

“Хрысціянін і права”. Сужэнства (ІІ)


RealAudioMP3 Сёння ў нашай праграме мы працягнем разважанні над сакрамэнтам сужэнства і сёння хацелася б больш падрабязна застанавіцца над падрыхтоўкай маладых людзей да прыняцця гэтага сакрамэнту. Звычайна фармацыя маладых хрысціян адбываецца ў парафіяльнай супольнасці, таму перад усім душпастыры маюць абавязак клапаціцца аб тым, каб іх уласная касцёльная супольнасць аказвала вернікам такую духоўную апеку і дапамогу, дзякуючы якой сужэнскі стан захоўваўся б у хрысціянскім духу і ўдасканальваўся. І такая дапамога павінна аказвацца перад усім праз прапаведванне, катэхізацыю дзяцей, падлеткаў і дарослых, у тым ліку і праз сродкі масавай камунікацыі, дзякуючы чаму вернікі павучаюцца аб значэнні хрысціянскага сужэнства і аб абавязках хрысціян як сужонкаў і бацькоў, але таксама і праз асабістую падрыхтоўку да заключэння сужэнства, праз якую нарачоныя непасрэдна падрыхтоўваюцца да умоваў жыцця ў сваім новым статусе. Такая дапамога вернікам аказваецца таксама праз плённую літургічную цэлебрацыю сужэнства, дзе паказваецца, што сужонкі азначаюць таямніцу адзінства і плённай любові Хрыста і Касцёла і ўдзельнічаюць у ёй і праз духоўную апеку, якая аказваецца сужонкам, каб яны, верна захоўваючы і абараняючы сужэнскі запавет, імкнуліся ў сям’і да больш святога і дасканалага жыцця.

Важным патрабаваннем права з’яўляецца тое, што католікі, якія яшчэ не прынялі сакрамэнт канфірмацыі, павінны прыняць яго перад тым, як будуць дапушчаны да сужэнства, калі гэта можна будзе зрабіць без сур’ёзных цяжкасцяў. Мы добра ведаем, што сакрамэнт канфірмацыі – гэта сакрамэнт хрысціняскай сталасці, і вельмі нелагічнай выглядае сітуацыя, калі хрысціяне ўступаюць у шлюб, але яшчэ не з’яўляюцца сталымі ў сваёй веры. Таксама для таго, каб сакрамэнт сужэнства быў плённа прыняты, нарачоным вельмі настойліва рэкамендуецца прыступіць да сакрамэнтаў пакаяння і Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Гэта патрабаванне зноў-такі не адносіцца да сапраўднасці цэлебрацыі сужэнства, але вельмі нелагічным будзе выглядаць пачатак сумеснага жыцця сужонкаў, калі абодва або адзін з іх знаходзіцца ў стане цяжкага граху і не хоча з яго вызваліцца.

Цэлебрацыя сакрамэнту сужэнства – гэта справа вельмі паважная, неабходна, каб нарачоныя не толькі былі добра падрыхтаваныя да яго цэлебрацыі, але таксама і не мелі ніякіх кананічных перашкодаў (аб тым, што гэта такое, пагаворым у наступнай перадачы), таму ў кожнай краіне, улічваючы мясцовыя традыцыі і абставіны, Канферэнцыі Біскупаў павінны ўстанавіць нормы для апытання нарачоных, а таксама сужэнскіх аб’яўленняў або нейкіх іншых метадаў, прыгодных для правядзення даследвання, неабходнага перад сужэнствам, а пробашч можа прыступіць да асіставання пры сужэнстве дакладна захоўваючы гэтыя нормы. Важным элементам у такім даследванні з’яўляюцца сужэнскія аб’яўленні – гэта значыць, у тых парафіях, дзе кожны з нарачоных жыў не менш, чым паўгода, павінна быць пададзена інфармацыя аб сужэнстве, якое мае адбыцца. І калі хто-небудзь з вернікаў ведае прычыну, па якой сужэнства не можа адбыцца (напрыклад, існуе нейкая перашкода), такі вернік мае абавязак паведаміць аб гэтым свайго пробашча або ардынарыя.

Існуе сітуацыя, калі сужэнства трэба ўдзяліць у небяспецы смерці – у жыцці здараюцца розныя сітуацыі. У такой сітуацыі небяспекі смерці, калі немагчыма заручыцца іншымі доказамі, дастаткова, калі няма супраціўных падазрэнняў, сведчанне нарачоных (калі трэба, зробленае пад прысягай) аб тым, што яны ахрышчаныя і не маюць ніякіх перашкод.

Здараюцца таксама сітуацыі, калі пробашч ці іншы святар не могуць благаславіць сужэнства без згоды ардынарыя. Яны не могуць гэтага рабіць пры сужэнстве бяздомных, пры сужэнстве, якое па нейкіх прычынах не можа быць прызнана законным або быць цэлебравана па нормах грамадзянскага права, пры сужэнстве таго, на каго ўскладзены натуральныя абавязкі ў адносінах да іншага боку або ў адносінах да дзяцей, народжаных з папярэдняга саюза з-за далікатнасці такой справы. Без дазволу ардынарыя святар не можа благаславіць сужэнства ў сітуацыі, калі адзін з сужонкаў хто выразна адрокся ад каталіцкай веры (тут менавіта гаворка ідзе аб выразным, пісьмовым адрачэнні), таксама пры сужэнстве таго, на каго накладзена цэнзура (гэта адзін з відаў касцёльнага пакарання), пры сужэнстве непаўналетняга, калі бацькі аб гэтым не ведаюць або разумна супраціўляюцца заключэнню такога шлюба. Кожную з такіх сітуацый ардынарый павінен разважыць у сваім сумленні і вырашыць, даваць ці не даваць дазвол на такія шлюбы.

Паважаныя радыёслухачы! У наступнай нашай перадачы мы пагаворым аб перашкодах, пры існаванні якіх сужэнства не можа быць заключанае, а на сёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!

Кс. Дзмітрый Пухальскі








All the contents on this site are copyrighted ©.