2014-09-05 16:44:43

“Хрысціянін і права”. Пасвячэнне (ІІІ)


RealAudioMP3 У сённяшняй нашай перадачы мы працягнем гаворку аб сакрамэнце пасвячэння і больш падрабязна перашкоды і забароны, якія могуць узнікнуць перад кандыдатамі і тымі, хто ўжо прыняў сакрамэнт пасвячэння. Каму забаронена прымаць сакрамэнт пасвячэння? Па-першае, таму, хто пакутуе той ці іншай формай разумовага разладу або іншай псіхічнай хваробай, з-за якой ён, на думку экспертаў (менавіта вельмі важным патрабаваннем з’яўляецца патрабаванне звярнуцца да экспертаў), лічыцца няздольным для адпаведнага выканання паслугі. Па-другое, да сакрамэнту пасвячэння не дапускаецца той, хто здзейсніў злачынства ерасі (няўступліва адмаўляе якую-небудзь праўду, у якую трэба верыць верай Божай і каталіцкай, або няўступлівае сумняваецца ў ёй), апастасіі (поўная адмова ад каталіцкай веры) або схізмы (адмова ад падпарадкоўвання Вярхоўнаму Пантыфіку або ад зносінаў з падуладнымі Яму членамі Касцёла). Па-трэцяе, забараняецца прымаць сакрамэнт пасвячэння таму, хто спрабаваў узяць шлюб, нават толькі грамадзянскі, або сам будучы звязаны шлюбам, святым пасвячэннем або вечным публічным абяцаннем чыстасці (напрыклад, дыякан ці законнік), або спрабаваў ўзяць шлюб з жанчынай, якая знаходзіцца ў сужэнскім саюзе або звязана такім самым абяцаннем. Далей, той, хто здзейсніў наўмыснае забойства або аборт, які меў рэзультат, а таксама ўсе тыя, хто пазітыўным чынам у гэтым удзельнічалі, напрыклад, доктар або той, хто даваў грошы на аборт. Не дапускаецца да пасвячэння той, хто здзейсніў цяжкае і наўмыснае калецтва сабе або іншай асобе або спрабаваў пазбавіць сябе жыцця, а таксама хто здзейсніў акт улады пасвячэння, права на які захоўваецца за тымі, хто мае біскупскае або прэзбітэрскае пасвячэнне, калі пры гэтым вінаваты сам не мае такога пасвячэння, або якому забаронена ажыццяўляць уладу пасвячэння з моцы дэклараванага або накладзенага кананічнага пакарання, напрыклад, дыякан, які цэлебраваў Святую Імшу. Гэта так званыя сталыя перашкоды, ад якіх магчыма атрымаць дыспенсу, якую ў некаторых выпадках можа ўдзяліць толькі Святы Пасад. Акрамя такіх забарон існуюць яшчэ простыя перашкоды, якія самі з сябе спыняюцца з цягам часу – так, напрыклад, простай перашкодай для прыняцця пасвячэння ўтрымліваецца жанаты мужчына, хіба што ён законным чынам прызначаецца да сталага дыяканату, той, хто займае пасаду або ажыццяўляе такую дзейнасць, якая забаронена духоўным, і з якой ён павінен складаць справазданне (напрыклад, уладальнік нейкай фірмы, банкаўскі супрацоўнік, палітычны дзеяч і г.д.), і гэта перашкода дзейнічае да таго часу, пакуль такі чалавек не звольніцца з гэтай пасады або здасць справазданне з яе выканання, таксама простай перашкодай утрымліваецца новаахрышчаны, хіба што, па суджэнні ардынарыя, ён быў дастаткова выпрабаваны.

Вернікі, калі ім будзе пра гэта вядома, маюць абавязак паведаміць ардынарыя або пробашча аб перашкодах да святога пасвячэння перад удзяленнем пасвячэння, менавіта таму ў тых парафіях, дзе кандыдат да пасвячэння нарадзіўся або пражываў некаторы час робяцца аб’явы аб тым, што ёсць кандыдат да прыняцця пасвячэння.

Але існуюць таксама перашкоды, якія забараняюць таму, хто ўжо прыняў сакрамэнт пасвячэння выконваць свае абавязкі. Так, Да выканання святарскага пасвячэння забараняецца той, хто, маючы забарону для прыняцця пасвячэння, усё ж такі незаконна прыняў пасвячэнне, а таксама той, хто, ужо прыняўшы сакрамэнт пасвячэння, здзейсніў адно са злачынстваў, аб якіх мы казалі некалькі хвілін таму.

Існуюць пэўныя юрыдычныя працэдуры, якія дазваляюць удзяліць дыспенсу ад перашкодаў або забаронаў, якія маюць або кандыдаты да прыняцця сакрамэнту пасвячэння або тыя, хто ўжо прыняў гэты сакрамэнт. Можа здавацца, што існуе занадта многа прадпісанняў, забаронаў, перашкодаў і г.д., але таксама варта памятаць аб вялікай адказнасці, якую маюць перад Божым народам тыя, хто прыняў або жадае прыняць сакрамэнт пасвячэння.

Паважаныя радыёслухачы! У наступнай нашай перадачы мы пачнём разважанні над сакрамэнтам сужэнства, а на сёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!

Кс. Дзмітрый Пухальскі








All the contents on this site are copyrighted ©.