2014-09-05 14:14:34

Сусветная рада Цэркваў за стварэнне міжнароднага трыбуналу па Іраку і Сірыі


RealAudioMP3 Сусветная рада Цэркваў патрабуе стварэння міжнароднага трыбунала па злачынствах у Іраку і Сірыі. З такой заявай экуменічная арганізацыя звярнулася да Рады ААН па правах чалавека, пасля візіту яе дэлегатаў у Курдыстан – рэгіён у якім знайшлі прытулак дзесяткі тысяч хрысціян з паўночнага Іраку. “Мы мелі магчымасць паразмаўляць і сабраць сведчанні вялікай колькасці бежанцаў з Масула, з даліны Нінівы і іншых месцаў, якія знаходзяцца пад кантролем так званай “Ісламскай дзяржавы”, - распавёў кіраўнік аддзела міжнародных спраў Сусветнай рады Цэркваў, аўстраліец Пітэр Прув. Ён адзначыў, што экуменічная дэлегацыя атрымала шмат інфармацыі аб нечалавечых і гвалтоўных дзеяннях джыхадзістаў, якія намагаюцца любым коштам знішчыць рэлігійную разнастайнасць блізкаўсходняга рэгіёна. Пітэр Прув падкрэсліў існаванне патрэбы ў “яснай міжнароднай дзейнасці, на карысць захавання і абароны” гэтага багацця Блізкага Усходу.

“Нейтралізацыя вайсковых агрэсіўных магчымасцяў “Ісламскай дзяржавы” і выкараненне яе атрутнай ідэалогіі, павінна мець найвышэйшую важнасць для ўсёй міжнароднай супольнасці, але перш за ўсё для нашых братоў, сясцёр і сяброў – вызнаўцаў іслама, імя якога так званая “Ісламская дзяржава” абражае сваімі зверствамі”, - цытуе словы Пітэра Прува ватыканская газета “L’Osservatore Romano”.

Сусветная рада Цэркваў (World Council of Churches) – гэта найбуйнейшая экуменічная арганізацыя, заснаваная ў 1948 г. у Амстэрдаме. Яе членамі з’яўляюцца 348 хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў, з больш чым 100 краін свету. Каталіцкі Касцёл фармальна не ўваходзіць у склад Рады, але шырока супрацоўнічае з ёй.








All the contents on this site are copyrighted ©.