2014-09-05 12:04:59

Святы Айцец: не быць нявольнікамі маленькіх прадпісанняў, а жыць запаведзю любові


RealAudioMP3 Хрысціянін павінен не быць рабом шматлікіх маленькіх прадпісанняў, а адкрыць сэрца на новую запаведзь любові, сказаў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы ватыканскага Дома св. Марты 5 верасня 2014 г. Літургічны евангельскі фрагмент, які пракаментаваў Пантыфік, апавядаў пра спробу фарысеяў і кніжнікаў заманіць Езуса ў пастку: яны пыталіся, чаму Яго вучні не посцяць, у адрозненні ад іншых яўрэяў. Езус, аднак, выкарыстаў гэта пытанне, каб распавесці пра навізну, якую прынёс. “Што нам нясе Евангелле? Радасць і навізну. Гэтыя настаўнікі закона, былі зняволены ў сваіх прыказаннях, прадпісаннях. Св. Павел, апавядаючы пра іх, казаў, што перш чым належала аб’явіцца веры – гэта значыць Езусу – мы ўсе былі замкнёныя, як нявольнікі пад вартаю Закона. Закон тых людзей не быў кепскім: ён іх бараніў, але яны былі яго нявольнікамі, знаходзіліся ў чаканні аб’яўлення веры. А вера, якая ім была адкрыта – гэта сам Езус”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што Закон Майсея, кадыфікаваны кніжнікамі, не даваў людзям той канчатковай свабоды, якую Бог даў народу праз свайго Сына.

“Хтосьці мне можа сказаць: але ойча, хіба хрысціяне не маюць Закона? Так! Езус сказаў: “Я не прыйшоў, каб адмяніць Закон, але каб давесці яго да паўнаты”. Паўната Закона, напрыклад, гэта благаслаўленні, Закон любові – поўнай любові, якой Езус палюбіў нас. І калі Езус выпрабоўваў гэты народ – настаўнікаў Закона, то папракаў іх тым, што яны не абаранілі людзей Законам, але зрабілі іх рабамі шматлікіх маленькіх прадпісанняў, шматлікіх дробязяў, якія павінны былі выконваць”, - адзначыў Папа.

Св. Павел адрозніваў “сыноў Закона” ад “сыноў веры”, падкрэсліў Папа. Ён заклікаў не баяцца змяняць жыццё, паводле Евангелля: для новага віна – новыя мяхі! “Касцёл просіць ўсіх нас аб пераменах. Просіць адкінуць у бок старыя структуры: якія непатрэбныя! Узяць новыя мяхі – евангельскія”, - сказаў Пантыфік.

Францішак, заклікаў прасіць Бога аб ласцы вернасці Закону, які Езус давёў да паўнаты – закону любові, які паходзіць ад благаслаўленняў. Папа закончыў гамілію малітвай аб тым, каб не быць нявольнікамі прадпісанняў, але мець ласку радасці і свабоды, якую дае навізна Евангелля.








All the contents on this site are copyrighted ©.