2014-09-04 12:28:38

Святы Айцец: грахі – прывелеяванае месца сустрэчы з Хрыстом


RealAudioMP3 Прывелеяванае месца для сустрэчы з Хрыстом – гэта нашы грахі, а калі хрысціянін не здольны адчуваць сябе грэшнікам, збаўленым крывёй Хрыста – то ён хрысціянін “напалову”, хрысціянін “цёплы”, адзначыў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 4 верасня 2014 г. Апосталы Пётр і Павел, на думку Пантыфіка, дапамагаюць зразумець, што хрысціянін можа хваліцца толькі двума рэчамі: “уласнымі грахамі і Хрыстом укрыжаваным”. Менавіта з усведамленнем гэтага, слова Божае напаўняецца сілай, здольнай перамяняць і даваць жыццё, лічыць Папа. На яго думку, сіла Божага слова не ў прыгожых і разумных прамовах. Пантыфік прывёў у прыклад св. Паўла, які “вучыўся ў найважнейшых прафесараў таго часу”, але хваліўся толькі ўласнымі грахамі і Хрыстом укрыжаваным за яго. “Сіла Божага слова – гэта сустрэча паміж маімі грахамі і крывёй Хрыста, якая мяне збаўляе. А калі няма гэтай сустрэчы – няма сілы ў сэрцы. Калі забываем пра гэту сустрэчу, якая здарылася ў жыцці, становімся людзьмі гэтага свету: хочам казаць пра Божыя справы выключна ў чалавечых катэгорыях, што непатрэбна, бо не дае жыцця”, - сказаў Папа.

Падобнае сведчанне, на думку Пантыфіка, дае і прыклад св. Пятра, які падчас цудоўнай лоўлі рыбы, змог убачыць ўласную слабасць і кінуўся да ног Настаўніка са словамі: “Адыйдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны”. У гэтай сустрэчы паміж Хрыстом і нашымі грахамі – збаўленне, перакананы Францішак.

“Калі хрысціянін не здольны адчуваць сябе грэшнікам і збаўленым крывёй Хрыста ўкрыжаванага – гэта хрысціянін "напалову", “цёплый” хрысціянін. І калі мы сустракаем занядбаныя касцёлы, занядбаныя парафіі, структуры, то хутчэй за ўсё хрысціяне, якія да іх належаць ніколі не сустракалі Езуса Хрыста, або забылі пра сустрэчу з Ім. Сіла хрысціянскага жыцця і сіла Божага слова менавіта ў тым моманце, калі я, грэшнік, сустракаюся з Езусам Хрыстом і гэта сустрэча пераварочвае маё жыццё, змяняе яго... І так атрымліваю сілу для абвяшчэння збаўлення іншым”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў вернікаў да асэнсавання ўласнай грахоўнасці, споведзі з канкрэтных, “а не тэарытычных” грахоў і ўсведамлення ролі Езуса ў збаўленні і атрыманні новага жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.