2014-09-02 11:33:51

Папа: можна мець пяць дыпломаў па тэалогіі, але не мець хрысціянскай тоеснасці


RealAudioMP3 Хрысціянская ўлада нараджаецца дзякуючы Святому Духу, а не чалавечай мудрасці ці дыплому па тэалогіі, падкрэсліў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 2 верасня 2014 г. Народ дзівіўся навучанню Хрыста, бо Яго слова “мела ўладу”, заўважыў Пантыфік каментуючы літургічны фрагмент з Евангелля. Езус, паводле Святога Айца, не быў звычайным прапаведнікам, таму што яго “улада” паходзіла ад “асаблівага намашчэння Святым Духам”. Ён быў Сынам Божым – намашчаным і пасланым “несці збаўленне і свабоду”. “Стыль Езуса”, Яго ідэнтычнасць і свабода, аднак, абуралі некаторых, адзначыў Пантыфік. “І мы можам спытаць у саміх сябе: якая наша хрысціянская ідэнтычнасць? Павел сёння кажа вельмі добра: “Мы гаворым пра гэта, навучаныя не словамі чалавечай мудрасці”. Ён прапаведваў не таму што закончыў Латэранскі ці Грыгарыянскі універсітэт... Не, не, не! Не дзякуючы чалавечай мудрасці! Але таму што быў навучаны Духам: Павел прапаведваў дзякуючы намашчэнню Духам, выказваючы духоўныя рэчы духоўнымі паняццямі. Чалавек, які абапіраецца на ўласныя сілы не ў стане зразумець справы Духа Божага”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, калі хрысціяне не разумеюць справы Святога Духа і не даюць сведчання – то не маюць ідэнтычнасці. Мець мысленне Хрыста – вось, на думку Папы, у чым заключаецца сапраўдная хрысціянская тоеснасць.

“Зараз, мы маем мысленне Хрыста і гэта значыць Духа Хрыстовага. Гэта хрысціянская ідэнтычнасць: не мець духа свету, яго стылю мыслення і суджэння. Можна валодаць пяццю дыпломамі па тэалогіі, але не мець Святога Духа! Магчыма ты будзеш вялікім тэолагам, але не хрысціянінам, не маючы Духа Божага. Уладу і ідэнтычнасць дае Святы Дух, намашчэнне Святым Духам”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што ў біблійныя часы людзі не любілі настаўнікаў закона, прапаведнікаў, якія апавядалі пра тэалогію, але рабілі гэта без сэрца, не неслі свабоду. Яны, на думку Папы, былі няздольныя дапамагчы народу знайсці ўласную ідэнтычнасць, бо не былі намашчаны Святым Духам.

“Часта мы бачым сярод нашых вернікаў простых бабуль, які магчымага закончылі толькі пачатковую школу, але могуць прамаўляць лепш за тэолагаў, таму што маюць Духа Хрыстовага”, - сказаў Папа і заклікаў прасіць ў Бога аб гэтым дары. Сваю гамілію Пантыфік закончыў словамі малітвы: “Пане, дай нам такую хрысціянскую ідэнтычнасць, якую меў Ты. Адары нас Тваім спосабам мыслення, адчування і прамаўлення. Пане, адары нас намашчэннем Святога Духа”.








All the contents on this site are copyrighted ©.