2014-08-31 13:39:07

Арцыбіскуп Чэлі: Касцёл павінен праз СМІ станавіцца бліжэй да людзей


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэлі, старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі прыме ўдзел у семінары на тэму сучасных СМІ для біскупаў Балівіі, Эквадора і Перу, які пройдзе 1-4 верасня 2014 г. у балівійскай Кокабамбе. У мерапрыемстве будуць удзельнічаць шматлікія медыя-эксперты, якія дапамогуць іерархам зразумець, што адбываецца ў свеце камунікацыі і ў чым заключаецца камунікацыйная місія Касцёла. “Мне падабаецца нагадваць, словы Паўла VI з яго апостальскай адгартацыі “Evangelii Nuntiandi” 1975 г.: “Касцёл адчуваў бы сябе вінаватым перад Панам, калі б не выкарыстоўваў усе сродкі, якія тэхналогія дае ў яго распараджэнне, каб абвяшчаць Евангелле”, - сказаў іерарх у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

Адкрыццё магчымасцяў абвяшчэння Хрыста на “лічбавым кантыненце”, напрыклад у сацыяльны сетках, паводле старшыні Папскай рады па сродках масавай камунікацыі, з’яўляецца адным з галоўных выклікаў для Касцёла. “Падумайце пра гэтыя вялікія сучасныя сеткі, сацыяльныя сеткі, у якіх жывуць людзі – мне падабаецца выкарыстоўваць менавіта гэта слова, таму што гаворка дзе не проста пра карыстанне сацыяльнымі сеткамі, але пра тое, што людзі праводзяць там гадзіны, жывуць у іх. Для Касцёла вялікі выклік заключаецца ў адкрыцці магчымасцяў абвяшчэння Евангелля ў гэтым населеным людзьмі кантэксце. Чаму? Таму што тут, у гэтым жыццёвым асяродзі, прысутнічае шмат людзей, якія не маюць іншай магчымасці для слухання паслання Евангелля”, - сказаў арцыбіскуп.

Каб дасягнуь розных людзей, у тым ліку тых, якія знаходзяцца на “экзістэнцыяльных перыферыях” грамадства, паводле арцыбіскупа Чэлі, неабходна спрыяць культуры сустрэчы, пра якую папа Францішак казаў у сваім апошнім пасланні на Сусветны дзень масавай камунікацыі. Такім чынам, Касцёл павінен праз СМІ станавіцца бліжэй да людзей і прабываць побач з імі ў тыя моманты, калі яны маюць цяжкасці і праблемы, лічыць ватыканскі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.