2014-08-29 14:45:02

Францішак прыняў на аўдыенцыі пробашча адзінай парафіі ў Сектары Газа


RealAudioMP3 29 жніўня 2014 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Доме св. Марты аргентынскага місіянера а. Хорхэ Эрнандэса – пробашча адзінай каталіцкай парафіі ў Сектары Газа, з якім абмеркаваў апошнія трагічныя падзеі палестынска-ізраільскага канфлікту. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё святар расказаў, што ўся каталіцкая супольнасць Газы ўдзячна Пантыфіку за духоўную блізкасць і падтрымку. Ён распавёў, што Святы Айцец адправіў мясцовым вернікам пасланне праз электронную пошту, якое было перакладзена на арабскую мову і шырока распаўсюджана. Паводле а. Хорхэ Эрнандэса, у прыватнай размове папа Францішак нагадаў яму пра важнасць хрысціянскага сведчання, якое трэба даваць у любых месцах і пры любых абставінах. “Вам выпала сведчыць аб Езусе Хрысце там, на зямлі якая бачыла Яго пакуты, смерць, але таксама і ўваскрасенне. Таму з адвагай ідзіце наперад”, - пераказаў словы Святога Айца аргентынскі місіянер.

Гаворачы пра жыццё хрысціян Сектара Газа, а. Эрнандэс адзначыў, што мясцовая супольнасць налічвае каля 1300 вернікаў з амаль двухмільённага насельніцтва. З іх толькі 136 чалавек – католікі. Ён падкрэсліў, што яны маюць добрыя адносіны з мясцовымі праваслаўнымі і амаль ніколі не робяць розніцы паміж сабой.

Святар выказаў спадзяванне на тое, што перамір’е паміж Ізраілем і “Хамасам” будзе канчатковым, таму што ад вайны пакутуюць абодва народы – і ізраільскі і палестынскі. “Неабходна зразумець адну рэч: вайну, не выйграе ніхто. Абодва бакі павінны будуць расплачвацца за яе наступствы, кожны ва ўласны спосаб. Але ад вайны не выйграе ніхто”, - сказаў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.